БЕЛ Ł РУС

У Мінску бацькоў пазбавілі правоў на пяцярых дзяцей

8.09.2026 / 07:46

Nashaniva.com

Раней сям’і ўжо давалі шанец выправіць сітуацыю.

У 2025 годзе суд адмовіўся пазбаўляць маці і бацьку правоў і папярэдзіў іх аб неабходнасці змяніць стаўленне да выхавання. Аднак праз некаторы час дзяцей зноў давялося забраць з сям’і, пішуць Мінск-Навіны.

Гаворка ідзе пра чатырох хлопчыкаў 2018, 2020, 2022 і 2023 гадоў нараджэння і дзяўчынку 2023 года нараджэння.

Пасля першага суда дзяцей вярнулі бацькам, але пазней сям’ю зноў прызналі такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Затым прызналі, што дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і змясцілі ў прытулак.

Бацькі злоўжывалі алкаголем, дома сістэматычна не было прадуктаў і прыгатаванай ежы. Пасля таго як дзяцей забралі, сужэнцы не ліквідавалі прычыны.

У судзе маці і бацька выступалі супраць пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Яны заяўлялі, што любяць дзяцей, хочуць вярнуць іх дадому і спрабуюць справіцца з алкагольнай залежнасцю.

Тым не менш суд задаволіў пазоў упраўлення па адукацыі і пазбавіў сужэнцаў бацькоўскіх правоў у дачыненні да ўсіх пяцярых дзяцей.

Бацькі абскардзілі рашэнне, аднак яго пакінулі без зменаў. Цяпер яно ўжо ўступіла ў законную сілу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула