БЕЛ Ł РУС

У некаторых месцах у Беларусі забароняць рабіць відэаназіранне

4.09.2026 / 22:18

Nashaniva.com

У Беларусі хочуць больш дакладна рэгламентаваць выкарыстанне відэаназірання і аўдыязапісу пры апрацоўцы персанальных звестак. Адпаведны законапраект ужо ўнесены ва ўрад. Пра гэта паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй Гаеў, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Паводле слоў чыноўніка, цяпер заканадаўства рэгулюе гэтыя пытанні толькі часткова. Выкарыстанне відэазапісаў у сферы грамадскай бяспекі ўжо мае выразныя прававыя рамкі, але ў іншых сітуацыях узнікаюць пытанні, хто, калі і на якой падставе мае права весці здымку.

Праект прадугледжвае забарону на відэаназіранне ў месцах, дзе закранаецца асабістае жыццё чалавека. Да іх адносяцца, напрыклад, памяшканні для прыёму ежы, пераадзявання і выканання іншых штодзённых асабістых спраў. У такіх выпадках відэаназіранне будзе лічыцца празмерным.

Асобныя нормы прапануецца ўвесці і для аўдыязапісаў. Напрыклад, запіс размовы будзе дазволены пры зваротах у экстранныя службы і іншыя арганізацыі, калі такая магчымасць прадугледжаная законам. Пры гэтым людзей павінны загадзя інфармаваць пра вядзенне аўдыязапісу.

Яшчэ адна частка законапраекта тычыцца рашэнняў, якія прымаюцца з дапамогай штучнага інтэлекту і цалкам аўтаматызаванай апрацоўкі персанальных звестак. Для гэтага спатрэбіцца адпаведная норма закона або іншая прававая падстава.

Андрэй Гаеў падкрэсліў, што нават пры развіцці штучнага інтэлекту і тэхналогій вялікіх даных чалавек павінен заставацца ўдзельнікам працэсу прыняцця важных рашэнняў. Калі пастанову прымае сістэма, напрыклад пры аказанні медыцынскай дапамогі або пры прыёме на працу, чалавек павінен мець магчымасць запярэчыць і паўплываць на вынік.

Чытайце таксама:

Яшчэ 20 тысяч камер відэаназірання паставяць у дварах Мінска

Ва ўсе аўтобусы ўнутры Беларусі паставяць відэакамеры

Усе аўтобусы абавязалі мець сістэмы відэафіксацыі і рамяні бяспекі для пасажыраў

Каментары да артыкула