БЕЛ Ł РУС

Прэзентавалі факсімільнае выданне мовазнаўчай працы Якуба Коласа

3.09.2026 / 19:32

Nashaniva.com

Выдавецтва «Альтиора» на замову і ў супрацы з музеем Якуба Коласа падрыхтавала і выдала факсімільнае выданне кнігі Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) «Методыка роднае мовы», якая ўпершыню выйшла ў 1926 годзе, паведамляе сайт Bellit.info.

Кнігу, якая ёсць часткай беларускай культурнай і мовазнаўчай спадчыны, прэзентавалі ў музеі паэта. Па словах галоўнай захавальніцы фондаў музея, праўнучкі класіка беларускай літаратуры Васіліны Міцкевіч, каб узнавіць кнігу такой, якой яе трымаў у руках аўтар, спатрэбілася два месяцы.

«Арыгінальнае выданне было амаль стогадовым, таму праца з ім патрабавала асаблівай уважлівасці. Старонкі мелі натуральныя сляды часу: пацямненні, няроўнасці, дробныя дэфекты, асаблівасці старога друку. Мы распазналі тэкст і старанна яго праверылі, — тлумачаць у выдавецтве. — Гэта было не зусім простай задачай, бо якасць зыходных старонак патрабавала дадатковай ручной працы. Асобна мы сачылі за тым, каб радкі ў новым выданні размяшчаліся так, як у арыгінале. Для факсімільнай кнігі гэта прынцыпова: змяніць пераносы, інтэрвалы або рытм старонкі — значыць страціць частку гістарычнай дакладнасці».

Для выдання быў спецыяльна падабраны шрыфт, максімальна падобны да шрыфту арыгінальнай кнігі 1926 года. Фон старонак таксама імітуе састарэлую паперу.

«Мы радыя, што змаглі разам з музеем Якуба Коласа дакрануцца да гісторыі беларускай кнігі і беларускай мовы. Для нас гэта была не проста замова, а праца з памяццю, спадчынай і павагай да арыгінальнага выдання», — адзначылі ў выдавецтве.

Чытайце таксама:

Выйшла кніга пра габрэйскую гісторыю Віцебска

Славамір Адамовіч прэзентаваў у Вільні кнігу вершаў

Выйшла грунтоўная «Кніга некралогаў» беларускай эміграцыі. Што ў ёй?

Каментары да артыкула