БЕЛ Ł РУС

«Няхай самі ядуць». У Мінску здзівіліся цэнам на хатнія закаткі

31.08.2026 / 15:59

Nashaniva.com

На адным са сталічных рынкаў у мікрараёне Уручча-3 звярнулі ўвагу на цэны на прадукты хатняй кансервацыі. Аказалася, што звычайныя закаткі каштуюць даволі дорага, што выклікала здзіўленне ў патэнцыйных купцоў, піша Tochka.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Літровы слоік марынаваных агуркоў каштуе 15 рублёў. Прыкладна столькі ж просяць за асарці з агуркоў і памідораў. Паўлітровы слоік шчаўя абыдзецца ў 10 рублёў, а такая ж колькасць мёду — у 16 рублёў.

Цэны актыўна абмяркоўвалі ў сацсетках. Некаторыя карыстальнікі палічылі іх завышанымі і адзначылі, што значна больш выгадна рабіць закаткі самастойна.

Адна з жанчын напісала, што ў яе шчаўе настолькі добра ўрадзіла, што яна запоўніла ім маразільнік, пачаставала суседзяў, а рэшту адправіла ў кампост. Таму аддаваць 10 рублёў за банку, якой хопіць на адзін раз прыгатаваць страву, яна не бачыць сэнсу. Хай, маўляў, ядуць самі.

Іншыя таксама адзначалі, што аддаюць перавагу ўласнай кансервацыі, бо самі ведаюць, з чаго яна зроблена і які рэцэпт выкарыстаны. Некаторыя нават пажартавалі, што цяпер зразумела, навошта гаспадыні кожны сезон закатваюць па некалькі соцень слоікаў.

Чытайце таксама:

У Салігорску мужчына пагарэў на крадзяжы хатняга варэння

У Добрушы выкрадальніцу аджыкі знайшлі па почырку на закатках

Памідоры па 30 рублёў і хатняя каўбаса па 55: што прадаюць на элітным рынку Валяр'янава

Каментары да артыкула