БЕЛ Ł РУС

Удава Мілінкевіча: Кожны дзень бачу на ягонай магіле новыя кветкі альбо новых людзей

30.08.2026 / 20:48

Nashaniva.com

«Нізкі паклон вам усім за тое, што ў гэты цяжкі час мы былі разам», — піша Іна Кулей.

Удава Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей развітваецца з труной пасля адпявання ў саборы Варшавы. Фота: «Наша Ніва»

Іна Кулей у фэйсбуку выказвае ўдзячнасць усім, хто прыйшоў на развітанне з яе мужам, палітыкам Аляксандрам Мілінкевічам і падтрымаў іх сям'ю ў тыя дні — і беларусам, і польскаму ўраду.

«Ведаеце, як ні дзіўна, я вельмі яскрава памятаю той дзень. Я пазнавала і бачыла кожнага чалавека, кожнага, хто падыходзіў да мяне са словамі спачування і журбы. Памятаю твары, позіркі, абдымкі.

Ведаю, што шмат хто з вас быў прысутны падчас гэтых жалобных урачыстасцяў, але мы не абняліся і не паспелі сказаць адно аднаму словаў падтрымкі. Я ведаю, што вы ўсім сэрцам былі з намі.

Памятаю, якая ўрачыстая і пранікнёная была імша, якія моцныя і кранальныя словы казання, як цёпла і сардэчна казалі аднадумцы і сябры Аляксандра. У Архікатэдры ў той дзень былі вельмі розныя людзі — па сваіх поглядах, палітычных і партыйных прыналежнасцях, па арганізацыях, у якіх яны працавалі і працуюць. Людзі з розных краін і розных асяроддзяў, з розным жыццёвым досведам.

Але было тое, што ўсіх аб’ядноўвала. Для ўсіх Аляксандр быў сябрам. І кожнаму з іх неабыякавая Беларусь. Узаемная цеплыня і еднасць панавалі падчас развітання і гэта сапраўды надавала сілы і давала надзею», — напісала Іна Кулей.

Яна дадала, што на развітанне людзі дабіраліся з розных краін — Злучаных Штатаў, Германіі, Літвы. І даехалі тыя, хто цяпер у Беларусі.

«Кожны дзень бачу на ягонай магіле новыя кветкі альбо новых людзей. Для мяне гэта вельмі кранальна. Нізкі паклон вам усім за тое, што ў гэты цяжкі час мы былі разам», — яшчэ раз падзякавала ўдава Мілінкевіча.

Чытайце таксама:

Удава Мілінкевіча: «Аляксандр абавязкова вернецца на радзіму, дадому. Надыдзе час»

Правесці Аляксандра Мілінкевіча ў апошні шлях прыйшлі сотні беларусаў

У Варшаве развіталіся з Аляксандрам Мілінкевічам ФОТАРЭПАРТАЖ

Прэзідэнт Польшчы пасмяротна ўзнагародзіў Аляксандра Мілінкевіча 

Каментары да артыкула