Пад меркаваным месцам пахавання Ісуса раскрылі 2000‑гадовую таямніцу, якая супадае з біблейскім апісаннем
Евангелле ад Яна апісвае месца пахавання Ісуса як новы склеп, высечаны ў скале і размешчаны ў садзе непадалёк ад месца ўкрыжавання.
Храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, пад якім археолагі даследавалі старажытныя пласты горада. Фота: Wikimedia Commons
На працягу амаль семнаццаці стагоддзяў храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме шануюць як месца распяцця, пахавання і ўваскрасення Ісуса. Першы хрысціянскі храм тут быў узведзены яшчэ ў IV стагоддзі, пры імператары Канстанціне, над магілай, якую ўжо тады лічылі месцам пахавання Хрыста.
Але што знаходзілася тут раней, у часы Ісуса? Адказаць на гэтае пытанне дапамаглі раскопкі пад храмам, якія пачаліся ў 2022 годзе падчас маштабнай рэстаўрацыі і завяршыліся ў 2025-м. Як піша Daily Mаil, археолагі змаглі аднавіць, як выглядала гэтая частка старажытнага Іерусаліма, і выявілі некалькі цікавых супадзенняў з евангельскім аповедам.
Сад сярод скал
Евангелле ад Яна апісвае месца пахавання Ісуса як новы склеп, высечаны ў скале і размешчаны ў садзе непадалёк ад месца ўкрыжавання.
Новыя дадзеныя пацвярджаюць: пад падлогай сучаснага храма сапраўды хаваецца старажытная каменяломня, якая з часам змяніла сваё прызначэнне.
Даследчыкі высветлілі, што пасля таго, як здабыча каменю ў гэтым кар’еры была спынена, яго глыбокія ўчасткі (месцамі да шасці метраў ніжэй за сучасны ўзровень) былі засыпаны глебай. Там з’явіліся невялікія сельскагаспадарчыя надзелы, падзеленыя невысокімі каменнымі сценамі.
Аналіз старажытнага пылку і батанічных рэшткаў паказаў, што на гэтай тэрыторыі вырошчвалі вінаград і алівы, а таксама выкарыстоўвалі яе для выпасу жывёлы. Гэта сведчыць, што на месцы былога кар’ера сапраўды існавалі апрацаваныя ўчасткі, што стасуецца з евангельскай згадкай пра сад.
Аднак знойдзеныя сляды расліннасці пакуль не ўдалося дакладна датаваць лабараторнымі метадамі. Таму археолагі не могуць дакладна даказаць, што сад апрацоўваўся менавіта ў той самы час, калі адбылося ўкрыжаванне Хрыста.
Магілы за гарадскімі сценамі
Акрамя садоў, археолагі дакументавалі мноства пахавальных камер, высечаных непасрэдна ў скалістых схілах былой каменяломні. Гэты ландшафт ствараў унікальную камбінацыю: адкрытая прастора для земляробства і пастырства, што суседнічала з могілкамі. Гэта дакладна супадае з тэкстам Новага Запавету, дзе апісваецца сад з грабніцамі каля месца пакарання.
Супадаюць і некаторыя іншыя геаграфічныя дэталі. У Пасланні да Габрэяў гаворыцца, што Ісус пакутаваў за гарадской брамай. Археалагічныя даследаванні паказалі, што ў I стагоддзі тэрыторыя сучаснага храма Гроба Гасподняга сапраўды знаходзілася за тагачаснымі сценамі Іерусаліма, але блізка ад горада.
Яшчэ адна дэталь ёсць у Евангеллі паводле Яна: магіла знаходзілася побач з месцам распяцця, таму Ісуса можна было пахаваць хутка, да пачатку юдэйскай суботы. У храме Гроба Гасподняга камера, якую традыцыйна лічаць магілай Ісуса, і скала Галгофы таксама знаходзяцца зусім побач.
Ніводная з гэтых прыкмет сама па сабе не была незвычайнай для старажытнага Іерусаліма: закінутыя кар’еры нярэдка выкарыстоўвалі і для пахаванняў, і для гаспадарчых патрэб. Важнае менавіта іх спалучэнне ў адным месцы.
Камень Памазання ў храме Гроба Гасподняга — паводле хрысціянскай традыцыі, на гэтым месцы цела Ісуса падрыхтавалі да пахавання. Фота: Wikimedia Commons
Ад рымскіх пабудоў да хрысціянскай святыні
У II стагоддзі пры імператары Адрыяне раён перабудавалі. Паводле пазнейшай хрысціянскай традыцыі, над святыняй узвялі вялікі язычніцкі храм. Аднак новыя даследаванні дазваляюць меркаваць, што рымскі культавы комплекс мог быць значна меншым. Адна з яго пабудоў стаяла каля магілы, якую пазней сталі шанаваць як магілу Ісуса, і перакрывала да яе доступ.
У IV стагоддзі пры Канстанціне рымскія збудаванні разабралі. Будаўнікі адкрылі пахавальную камеру, якую на той момант ужо лічылі магілай Хрыста, выдалілі частку скалы вакол яе і зрабілі яе цэнтрам новай хрысціянскай святыні.
Значэнне гэтага месца было настолькі вялікім, што пры ўзвядзенні вялізнага царкоўнага комплексу архітэктары захавалі становішча магілы нават коштам асіметрыі некаторых частак будынка.
Кувуклія ў храме Гроба Гасподняга ў Іерусаліме — капліца, узведзеная над месцам, якое традыцыйна лічыцца магілай Ісуса Хрыста. Фота: Wikimedia Commons
Ці з’яўляецца гэта доказам?
Навукоўцы захоўваюць асцярожнасць у высновах. Хоць ландшафт і супадае з апісаным у Евангеллі, археалогія не можа даць адназначнага адказу, ці ляжала ў гэтай грабніцы цела Ісуса. На сценах не знойдзена ідэнтыфікуючых надпісаў, а дакладна датаваць час апрацоўкі сада з дакладнасцю да года пакуль немагчыма.
Аднак раскопкі паказалі, што традыцыйнае месца пахавання Ісуса мае асноўныя геаграфічныя і фізічныя рысы, апісаныя ў першакрыніцах.