Хокан VIII афіцыйна стаў каралём Нарвегіі
Кароль Нарвегіі Хокан VIII уступіў на трон пасля смерці свайго бацькі, Харальда V, які знаходзіўся на троне на працягу 35 гадоў, памёр сёння раніцай у Нацыянальнай бальніцы Осла на 90‑м годзе жыцця.
Фота: Alexi Rosenfeld/Getty Images
53‑гадовы Хокан — чацвёрты кароль, які ўзначальвае сучасную манархію Нарвегіі з тых часоў, як яна была адноўлена ў 1905 годзе пасля здабыцця краінай незалежнасці ад Швецыі. Ён цесна супрацоўнічаў са сваім бацькам, выконваючы каралеўскія абавязкі, а ў апошнія гады ўзяў на сябе больш абавязкаў, паколькі Харальд хварэў або адсутнічаў, піша Бі-бі-сі.
Ён становіцца каралём у неспакойны час для каралеўскай сям'і Нарвегіі. Манархія карыстаецца папулярнасцю, але ў апошнія гады яе атачаюць скандалы. Жонка новага караля Метэ-Марыт прынесла прабачэнні за сувязі з асуджаным сэксуальным злачынцам Джэфры Эпштэйнам. Яе сын ад папярэдніх адносін, Марыус Борг Хейбі, быў прызнаны вінаватым у згвалтаванні падчас гучнага судовага працэсу. Ён абскарджвае прысуд.
«Нашы адносіны становяцца ўсё больш цеснымі. Ён мудры хлопец. З ім усё будзе ў парадку, калі прыйдзе яго час. Прыемна гэта ўсведамляць. Думаю, мой бацька хваляваўся больш, чым я. Мне вельмі пашанцавала, што менавіта кронпрынц Хокан працягне гэтую справу», — казаў Харальд пра сына ў кнізе «Кароль распавядае».
Па словах Харальда, Хокан быў побач з ім на працягу ўсяго яго праўлення і актыўна ўдзельнічаў у працы. Нягледзячы на тое, што пасля смерці Харальда V Хокан аўтаматычна стаў новым каралём Нарвегіі, яго чакае афіцыйная працэдура складання прысягі на вернасць Канстытуцыі.
25 жніўня 2001 года наследны прынц Хокан ажаніўся з Метэ-Марыт Цьесэм Хойбі. Праз 3 гады ў мужа і жонкі нарадзілася дачка Інгрыд Аляксандра, якая з'яўляецца будучай спадчынніцай нарвежскага трона. У снежні 2005 года ў Хокана і Метэ-Марыт нарадзіўся сын Сверэ Магнус.
Хокан быў са зборнай Нарвегіі па футболе ў ЗША, прысутнічаў на ўсіх матчах, а па вяртанні ўзначаліў святочнае «веславанне» ў гонар каманды, што сабрала 100 тысяч чалавек каля каралеўскага палаца ў Осла. Хокан біў у барабан.
Чытайце таксама:
Памёр кароль Нарвегіі Харальд V
Больш за 100 тысяч нарвежцаў зладзілі фірмовае веславанне проста ў цэнтры Осла