БЕЛ Ł РУС

Бацька пакінуў 7‑гадовага сына аднаго на найвышэйшай гары Японіі, а сам працягнуў узыходжанне

22.08.2026 / 18:01

Nashaniva.com

На гары Фудзі ў Японіі сямігадовага хлопчыка знайшлі аднаго на лаўцы ў тумане і пад дажджом. Дзіця знаходзілася на вышыні больш за 2000 метраў і мела пры сабе толькі газаваны напой і невялікі перакус, паведамляе Бі-бі-сі.

Гара Фудзі. Фота: vecteezy.com

Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, 48‑гадовы бацька пасля таго, як сын паскардзіўся яму на стомленасць, сказаў яму чакаць на месцы і працягнуў узыходжанне разам са старэйшым сынам.

Работнікі горнага прытулку знайшлі хлопчыка каля шостай станцыі аднаго з маршрутаў і паведамілі ў паліцыю. Бацьку пазней адшукалі на восьмай станцыі, да якой ад месца знаходжання дзіцяці трэба было ісці каля трох гадзін.

Хлопчыка знайшлі каля 7:30 раніцы ў чацвер па мясцовым часе. Калі мужчына вярнуўся да сына, паліцыянты правялі з ім размову і зрабілі заўвагу, што пакідаць маленькае дзіця адно ў такіх умовах недапушчальна, нават калі дзеля гэтага давядзецца адмовіцца ад сумеснага ўзыходжання.

Як паведамляецца, бацька прызнаў, што прыняў неабдуманае рашэнне, і папрасіў прабачэння.

Сям'я ішла маршрутам Фудзіномія, які пачынаецца ад пятай станцыі гары. Адтуль да вяршыні звычайна трэба каля пяці гадзін, а спуск займае яшчэ прыкладна тры гадзіны.

Фудзі — дзейны вулкан вышынёй 3776 метраў, размешчаны на паўднёвы захад ад Токіа. Гэта самая высокая гара Японіі. У 2013 годзе яна была ўключаная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Штогод на Фудзі падымаюцца каля 200 тысяч чалавек. Пры гэтым на некаторых маршрутах дзейнічаюць абмежаванні на колькасць наведвальнікаў, каб не дапускаць празмернага скаплення людзей. У апошнія гады на гары адбылося некалькі здарэнняў, звязаных з узыходжаннямі.

Чытайце таксама:

Беларуска з'ездзіла ў Непал на тры тыдні за $1280. Як там было?

На дне цясніны Курумду ў Кыргызстане знайшлі тры целы

Стала вядома, чые парэшткі знайшлі беларускія турысты ў гарах Казахстана

Швейцарскі ледавік аддаў целы альпіністаў, якія загінулі 34 гады таму

Каментары да артыкула