У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала
Прачнулася жанчына пасля таго, як з дочкамі трапіла ў заварушку праз удзел у «несанкцыянаваным турзлёце» пад Расонамі.
Аміна. Скрыншот відэа ў тыктоку
Пра драму ў сваім жыцці жанчына, падпісаная як Аміна, распавядае ў тыктоку. Яна запісала і зварот да Лукашэнкі:
«У 2020 годзе я актыўна галасавала за свайго прэзідэнта. Я была гатова, глыбока цяжарная, кінуцца ў бой, каб абараніць прэзідэнта і сваю краіну. Я шчыра не разумею, чаму створаныя табой органы перасталі абараняць насельніцтва. Я шчыра не разумею, чаму людзі сталі такімі жорсткімі і даносяць адзін на аднаго. Паглядзі, што ў нас унутры краіны робіцца! Я проста ўпэўнена, што да цябе гэта не даходзіць і ты проста не чуеш нас! Мы выбіралі цябе, мы галасавалі за цябе, мы ішлі за табой».
Аміна плача і пытаецца ў Лукашэнкі, навошта яна разам з іншымі ябацькамі ўсё гэта рабіла, калі цяпер сутыкаецца з булінгам. Кажа, што не разумее, чаму органы, якія ствараліся, каб бараніць народ, працуюць супраць яго.
«Я веру табе, я аддавала голас за цябе. Бо ты — гэта народ, а народ — гэта ты. А міліцыя і любыя органы, створаныя табой — гэта мы, усе мы».
Дык што здарылася?
Як можна зразумець па відэа Аміны, яна была разам з дзецьмі на «несанкцыянаваным турзлёце» аматараў руху Rainbow Family каля мясцовага возера пад Расонамі. Сёлета ў канцы ліпеня МУС затрымала там 350 удзельнікаў.
«Прысутныя ўсталявалі намёты, развялі вогнішчы і ўчынілі гулянні з гучнай музыкай і выкарыстаннем атрыбутыкі розных рэлігійных плыняў. Многія з іх знаходзіліся ў голым выглядзе пры малалетніх дзецях», — заявілі сілавікі. На ўдзельнікаў склалі пратакол за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».
Аказваецца, 30 ліпеня маці Аміны напісала данос у міліцыю, у якім сцвярджала, што яе дачка спецыяльна паехала ў Віцебскую вобласць, каб удзельнічаць у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Аміну гэта абурае. Па яе версіі, яна з дзецьмі выпадкова апынулася не ў тым месцы не ў той час. І нават устаўляе ў ролікі цытаты Караева, які ў 2020 годзе казаў пра пікеты, што ператвараюцца ў несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы і закранаюць вялікую колькасць выпадковых людзей.
Жанчына разам з адной дачкой пайшла з лесу — мабыць, ратуючыся і хаваючыся ад сілавікоў, а другую дзяўчынку сілавікі даставілі ў расонскую бальніцу, бо не змаглі высветліць, дзе маці.
Цяпер да жанчыны рэгулярна прыходзяць камісіі з праверкамі і пагражаюць прызнаць, што сям'я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Недахопаў у жыцці Аміны знайшлі шмат. Яна не працуе: кажа, што раней выкладала нямецкую мову ў школе, але сем гадоў таму зразумела, што пачала тупець — звольнілася і з таго моманту пачала займацца самаразвіццём. Печ у хаце ў аварыйным стане, а аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў няма. Камісія паглядзела нават хатнюю аптэчку і прыйшла да высновы, што базавых лекаў там недастаткова. Пацікавілася, чаму ў хаце кніжак зусім няма, а цацак мала.
Аміна ў адказ абураецца: маўляў, хіба недастаткова таго, што яна не паліць, не п'е і вядзе здаровы лад жыцця. Пра кніжкі кажа, што ёсць электронная, а з цацкамі не разумее, навошта іх трымаць шмат, калі ёсць гаджэты.
Жанчына распавядае, што апошнія тры дні па некалькі гадзін была вымушана правесці ў міліцыі, у яе забралі тэлефон:
«Калі паступае званок з міліцыі, няма ніякіх падрабязнасцяў. Навошта выклікаеце? І пачынаецца плаванне незразумелае. У якасці каго выклікаеце? Навошта я павінна ісці? Што я павінна пісаць? Вы ідзяце ў міліцыю, не ведаючы навошта».
У фанаткі Лукашэнкі раптам узнікла шмат пытанняў да сілавікоў: «У вас няма злачынстваў, няма следстваў ніякіх? У вас проста мала працы? Злачыннасць упала і вам няма чым заняцца? Ведаеце, я верыла ў міліцыю. Але пасля падзей, якія зараз са мной адбываюцца, я не веру ў міліцыю».
Чытайце таксама:
Пад Расонамі затрымалі 350 удзельнікаў турзлёту
133 сілавікі на 277 чалавек, з якіх 26 дзеці. Стала вядома, як разганялі злёт пад Расонамі
Вызвалілі асуджанага на сем сутак ўдзельніка з’езду пад Расонамі