Што вядома пра страты Расіі ва Украіне на канец жніўня?
Бі-бі-сі сумесна з «Медыязонай» і камандай валанцёраў устанавіла імёны 241 088 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Рэальная колькасць загінулых вышэйшая: паіменны спіс заснаваны толькі на публічна даступных даных.
Фота: AP
56% усіх загінулых — гэта добраахвотнікі, мабілізаваныя і асуджаныя, якія адправіліся ваяваць з месцаў пазбаўлення волі, то-бок людзі, ніяк не звязаныя з арміяй на момант пачатку вайны.
Сярэдні ўзрост загінулых са спісу цяпер складае 38 гадоў. Гэта на 13 гадоў больш, чым у першыя месяцы ўварвання.
У той перыяд асноўныя аперацыі праводзіліся сіламі элітных падраздзяленняў, у якіх служылі маладыя людзі, якія прайшлі ўзмоцненую падрыхтоўку.
Цяпер асноўнай крыніцай папаўнення арміі сталі людзі, якія прыходзяць у войска з «грамадзянкі» і трапляюць на фронт пасля непрацяглай падрыхтоўкі.
Добраахвотнікі цяпер — самая «ўзроставая» катэгорыя сярод загінулых. Сярод тых, хто нядаўна падпісаў кантракт, часцей за ўсё гінуць мужчыны ва ўзросце 42—45 гадоў. Пры гэтым 2776 загінулых добраахвотнікаў былі старэйшыя за 60 гадоў.
Таксама на вайне загінулі 6435 мужчын ва ўзросце да 24 гадоў.
Такое размеркаванне паводле ўзросту адлюстроўвае эвалюцыю механізму камплектавання расійскай арміі.
Пасля палітычна балючай мабілізацыі 2022 года ўлады зрабілі стаўку на грашовыя выплаты і дэцэнтралізаваны набор кантрактнікаў праз рэгіёны. Гэтая сістэма доўгі час дазваляла расійскім уладам кампенсаваць страты арміі без абвяшчэння новай хвалі мабілізацыі.
Асноўныя тэндэнцыі
На добраахвотнікаў цяпер прыпадае 36% усіх пацверджаных страт.
Доля асуджаных працягвае зніжацца: цяпер яны складаюць 11% усіх загінулых, хоць у 2023 годзе кожны пяты загінулы быў завербаваны на вайну з месцаў пазбаўлення волі.
Але скарачэнне долі асуджаных не азначае, што расійская армія стала радзей набіраць людзей праз пенітэнцыярную сістэму. З 2024 года існуе магчымасць падпісаць кантракт яшчэ да суда: для абвінавачанага гэта становіцца спосабам пазбегнуць магчымага турэмнага тэрміну. Аднак вядомыя выпадкі, калі рашэнне адправіцца на фронт абвінавачаныя прымалі пад ціскам — у тым ліку праз страх атрымаць суровы прысуд або не вытрымаць ціску сістэмы ў месцах зняволення.
У гэтай статыстыцы такія вайскоўцы ўлічваюцца як добраахвотнікі, паколькі на момант падпісання кантракту яны яшчэ не былі асуджаныя і не адбывалі пакаранне.
На долю мабілізаваных у спісе сёння прыпадае каля 8% усіх загінулых. Гэтая група прыкметна маладзейшая за астатніх: сярэдні ўзрост загінулых тут — 32 гады. Амаль палова з іх (42%) загінула ў першы год пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі восенню 2022 года, якая фармальна так і не завершаная.
Аналіз даных паказвае, што часцей за ўсё кантракт падпісваюць жыхары невялікіх гарадоў і вёсак, дзе стабільнай і добра аплачванай працы не хапае, а агітацыя мясцовых уладаў можа быць больш настойлівай, чым у буйных гарадах.
За гады ўварвання Расія страціла забітымі больш за 7642 афіцэры, прычым 77% з іх — камандзіры малодшага звяна. Менавіта малодшыя афіцэры (у званнях ад малодшага лейтэнанта да капітана) адыгрываюць ключавую ролю ў баявых умовах, забяспечваючы сувязь паміж асноўнай масай салдат і камандзірамі, якія адказваюць за планаванне аперацый.
Якія рэальныя лічбы страт?
Рэальныя страты расійскага боку большыя за колькасць загінулых, імёны якіх удаецца пацвердзіць па адкрытых крыніцах.
Паводле ацэнак ваенных экспертаў, вынікі нашага аналізу расійскіх могілак, воінскіх мемарыялаў і некралогаў могуць ахопліваць ад 45% да 55% рэальнай колькасці загінулых.
Не пра ўсе смерці паведамляецца публічна. Акрамя таго, целы значнай колькасці вайскоўцаў, якія загінулі ў апошнія месяцы, да гэтага часу застаюцца на полі бою. Спробы іх эвакуяваць звязаныя з сур'ёзнай небяспекай для жывых — у першую чаргу праз пагрозу ўдараў беспілотнікаў.
Зыходзячы з ацэнак экспертаў, рэальная колькасць загінулых з расійскага боку можа складаць ад 438 342 да 535 751 чалавека.
Агульная лічба становіцца прыкметна вышэйшай, калі ўлічваць тых, хто ваяваў супраць Украіны ў складзе падраздзяленняў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама страты падраздзяленняў Паўночнай Карэі, якія ваявалі на тэрыторыі Курскай вобласці Расіі.
Аналіз некралогаў і публікацый 2022 года пра зніклых без вестак байцоў з ЛНР і ДНР дазваляе меркаваць, што да канца 2022 года загінулі 21 000—23 500 чалавек.
Вывучыўшы спадарожнікавыя здымкі і афіцыйныя фатаграфіі новага ваеннага мемарыяла загінулых, пабудаванага ў КНДР, карэйская служба Бі-бі-сі ўстанавіла імёны 2304 карэйскіх салдат, якія ваявалі на баку расійскіх сіл і загінулі ў 2024—2025 гадах.
Такім чынам, паводле сабраных даных, сукупныя страты прарасійскіх сіл могуць знаходзіцца ў дыяпазоне ад 461 646 да 561 555 вайскоўцаў.
Украіна апошні раз паведамляла пра свае страты ў лютым 2026 года. Тады прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прызнаў гібель 55 тысяч украінскіх салдат і афіцэраў. Заходнія эксперты лічаць, што прыведзеная Зяленскім лічба страт, хутчэй за ўсё, заніжаная.
Паіменны спіс страт украінскага боку на аснове адкрытых крыніц вядзе ананімны сайт Ukraine losses — цяпер у ім 103 418 прозвішчаў загінулых вайскоўцаў.
Ukraine losses таксама паказвае, што з улікам публікацый пра зніклых без вестак агульная колькасць загінулых вайскоўцаў з украінскага боку можа дасягаць 212 974 чалавек.