БЕЛ Ł РУС

Расійская ракета «Бандэроль» заляцела ў Малдову і там выбухнула

17.08.2026 / 19:47

Nashaniva.com

17 жніўня расійская ракета «Бандэроль» заляцела ў паветраную прастору Малдовы. Пра гэта паведамілі Паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны.

Здымак ілюстрацыйны

Па інфармацыі Нацыянальнай арміі Малдовы, невядомы паветраны аб’ект быў зафіксаваны ў раёне Кучургана — Ціраспаля ў 17:37. Пазней ён знік з радараў каля сяла Талмаза ў Штэфан-Водскім раёне. Прыкладна за тры кіламетры ад населенага пункта адбыўся выбух, пасля якога загарэлася сухая трава.

На месца здарэння накіравалі экстранныя службы і спецыялістаў, якія павінны высветліць усе абставіны інцыдэнту і ацаніць яго наступствы.

Праз гэты інцыдэнт Малдова прыкладна на 15 хвілін часова закрывала паветраную прастору ў цэнтральнай частцы краіны.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх Паветраных сіл, гаворка ішла менавіта пра расійскую ракету «Бандэроль». Перад гэтым украінскія вайскоўцы паведамлялі пра некалькі такіх ракет, якія рухаліся ў напрамку Чарнаморска і Адэсы.

Некаторыя крыніцы сцвярджалі, што аб’ект спачатку заляцеў на тэрыторыю непрызнанага Прыднястроўя. Выбух чулі жыхары населенага пункта Першамайск, размешчанага каля мяжы з Адэскай вобласцю Украіны.

Гэта ўжо не першы падобны інцыдэнт у Малдове ў жніўні. 9 жніўня каля сяла Крокмаз у Штэфан-Водскім раёне выбухнуў, верагодна, расійскі баявы беспілотнік. У выніку былі пашкоджаныя некалькі прыватных дамоў.

Паводле малдаўскіх спецыялістаў, той апарат выбухнуў на вышыні каля 2,5 метра пасля сутыкнення з дрэвам. У яго абломках знайшлі кампаненты, падобныя да элементаў кіраванай ракеты, таму папярэдне яго назвалі дронам-ракетай.

Пасля гэтага Міністэрства замежных спраў Малдовы адклікала свайго пасла ў Расіі для кансультацый. А яшчэ раней, 5 жніўня, у Малдове таксама знаходзілі абломкі расійскіх беспілотнікаў «Герань».

Чытайце таксама:

На тэрыторыі Малдовы ўпаў і выбухнуў расійскі дрон. Малдова адклікала свайго пасла

Расійскі дрон заляцеў у Малдову і выбухнуў

Расія ўсё часцей выкарыстоўвае рэактыўныя дроны, каб Украіна траціла ракеты для СПА

Кіеў атакавалі расійскія «Бандэролі». Што гэта за дрон-ракета і ці стануць атакі масавымі?

Каментары да артыкула