БЕЛ Ł РУС

Беларускія студэнты заваявалі шэсць залатых медалёў на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе

7.08.2026 / 22:55

Nashaniva.com

У агульнакамандным заліку нашы хлопцы сталі другімі.

Фота: Мінадукацыі

Студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ выйгралі шэсць залатых медалёў на 33‑й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе. Узнагароды заваявалі другакурснікі Васіль Дзянісаў і Глеб Сцяпанычаў, трэцякурснікі Мацвей Вылегжанін і Усяслаў Красненка, а таксама чацверакурснікі Мацвей Зорка і Мікіта Шутро, паведамляе Мінадукацыі.

Кіраўнікамі каманды выступілі прадстаўнікі кафедры фундаментальнай матэматыкі і інтэлектуальных сістэм ФПМІ БДУ: старшы выкладчык Сяргей Чарноў і дацэнт Ганна Задаражнюк.

Па колькасці залатых медалёў каманда заняла другое месца сярод 135 універсітэцкіх каманд, саступіўшы толькі Маскоўскаму фізіка-тэхнічнаму інстытуту.

Алімпіяда праходзіла з 27 ліпеня па 3 жніўня ў Благоеўградзе (Балгарыя) і сабрала каля 500 удзельнікаў з 48 краін. Студэнтам трэба было вырашыць 10 задач з галіны алгебры, матэматычнага аналізу, камбінаторыкі, аналітычнай геаметрыі і тэорыі лікаў.

Каманда БДУ бярэ ўдзел у алімпіядзе з 2001 года. За гэты перыяд у скарбонцы ўзнагарод — 103 медалі, сярод якіх 52 залатыя, у тым ліку сем Гран-пры і абсалютныя першыя месцы. Каманда БДУ двойчы станавілася першай у свеце ў агульнакамандным заліку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула