Заснавана прэмія Евы Вежнавец
Кніжная супольнасць абвясціла прэмію Евы Вежнавец (псеўданім Святланы Курс). «Мы засноўваем яе, каб ушанаваць памяць Евы Вежнавец і падтрымаць беларускіх пісьменніц», — кажуць заснавальнікі.
Прэмія будзе прысуджацца беларускай пісьменніцы. Журы будзе ацэньваць не асобную кнігу, а ўсю творчую працу аўтаркі.
Фарміраванне прызавога фонду пачнецца 9 жніўня на кніжным маркеце ў бары Karma Crew. Частка выручкі ад продажаў кніг будзе накіраваная ў фонд прэміі. Гэта толькі пачатак — пазней мы адкрыем асобны збор.
Увесь прызавы фонд атрымае лаўрэатка прэміі. Яго памер будзе абвешчаны публічна. Першае ўручэнне прэміі плануецца да канца 2026 года.
Заснавальнікі прэміі: Святлана Алексіевіч, «Медыязона.Беларусь», Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў, выдавецтва «Пфляўмбаўм», Інстытут беларускай кнігі, незалежныя беларускія выдавецтвы і фестываль Pradmova.
Пісьменніца Святлана Курс (псеўданім — Ева Вежнавец) памерла 20 ліпеня ва ўзросце 54 гадоў ад наступстваў анкалогіі.