«Я — здраднік радзімы». Мінчук перавёў за мяжу грошы сваёй маці і прадаў аўтамабіль
68‑гадоваму мужчыну патэлефанаваў незнаёмец, які прадставіўся следчым і абвінаваціў пенсіянера ў здрадзе радзіме.
Нібыта пажылы мужчына прадыктаваў код з SMS-паведамлення і такім чынам даў махлярам доступ да сваіх рахункаў. А тыя ўжо перавялі грошы на фінансаванне тэрарызму, паведамляе «Міліцыя Мінска»
Каб даказаць сваю невінаватасць, мужчына пагадзіўся выконваць інструкцыі незнаёмца.
Спачатку ён узяў зберажэнні сваёй маці і праз банк перавёў іх за мяжу. Ён думаў, што такім чынам дэкларуе вялікую суму.
Праз некалькі дзён пенсіянеру зноў патэлефанавалі і прапанавалі «дапамагчы следству» ў выкрыцці махляроў. Для гэтага ён прадаў свой люксавы аўтамабіль з вялікай зніжкай і пакінуў атрыманыя 15 тысяч даляраў у тайніку пад кантэйнерам для смецця.
Пасля гэтага ён зноў пайшоў у банк і перавёў на розныя рахункі яшчэ восем тысяч рублёў.
Увесь гэты час пенсіянер верыў, што яму вернуць і грошы, і аўтамабіль. Але калі махляры перасталі выходзіць на сувязь, ён распавёў пра здарэнне сыну і звярнуўся ў міліцыю.