БЕЛ Ł РУС

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

6.08.2026 / 20:32

Nashaniva.com

Таццяна Гайдук расказала Оnlíner пра абставіны трагічнай гібелі свайго бацькі, заслужанага трэнера БССР па акадэмічным веславанні Валерыя Гайдука. Ён загінуў у выніку здарэння падчас веласіпеднай трэніроўкі ў раёне Цны пад Мінскам.

Гэта адбылося 31 ліпеня.

— Тата рыхтаваўся ўдзельнічаць у Хатынскім веламарафоне і напярэдадні раніцай, да спёкі, паехаў на трэніроўку. Ён ездзіў у цнянскім лесе па знаёмай сцежцы. Уязджаў у лес заўсёды ў адным і тым жа месцы. Там адразу горка ўніз: ён яе ведаў і добра адпрацаваў гэты спуск — ён сам расказваў, — кажа Таццяна. — Але ў той дзень там раптоўна з'явілася штучна створаная горачка амаль на ўсю шырыню дарогі, побач — дзве ямы, адкуль бралі зямлю для гэтай горкі. Калі ісці, а тым больш ехаць з гэтай горкі ўніз, то праз святлацень ад дрэў гэтага трампліна на дарожцы не бачна зусім.

На месцы здарэння засталіся сляды тармажэння ад веласіпедных колаў.

— Яшчэ раз адзначу: тата ехаў па добра знаёмай дарозе. І тут гэты трамплін — на ім застаўся след, потым яшчэ адзін, ад пярэдняга кола. Яшчэ метраў 7—8, мяркуючы па месцы, ён спрабаваў вярнуць кіраванне, але ўрэзаўся ў дрэва. Тата быў у шлеме, але, мяркуючы па папярэдніх высновах судмедэксперта, смерць наступіла адразу.

Агучаная афіцыйна прычына смерці — тупая траўма шыйных пазванкоў.

19 жніўня Валерыю Пятровічу Гайдуку споўнілася б 74 гады.

— Ён — заслужаны трэнер БССР па акадэмічным веславанні і непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Кацярыны Хадатовіч (Карстэн) да Алімпіяды 1996 года (залаты медаль), а таксама экіпажа жаночай васьмёркі, які заваяваў бронзу, і іншых спартсменаў, якія зараз носяць званні заслужаных майстроў спорту, а многія і зараз выступаюць у фіналах чэмпіянату Еўропы, — дадала Таццяна.

Застаецца няясным, што гэта за трамплін з'явіўся на лясной сцежцы, хто і для чаго яго стварыў.

— Там ходзіць шмат людзей, шмат сабачнікаў, там катаюцца на веласіпедах. Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень. Як так выйшла, што ў людным месцы аказаліся выкапаныя гэтыя дзве ямы, насыпана і ўтрамбавана гэта горачка? — задаецца пытаннем дачка загінулага веласіпедыста.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула