Статкевіч — амерыканскаму дыпламату на мяжы: Вам патрэбны толькі добры піяр, а я дзеля гэтага павінен адмовіцца ад радзімы?
«Я ж не жывёла, якую можна проста прадаць».
Мікола Статкевіч 11 верасня 2025 года. Скрыншот з анлайн-камеры
Пачатак інтэрв'ю нямецкай газеце ZEIT: Статкевіч: Усе спробы выціснуць мяне з Беларусі былі марныя. Я не пакіну краіну
ZEIT: Уласна, вы маглі вызваліцца яшчэ год таму, дзякуючы здзелцы паміж беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Летась у верасні вас разам з 51 іншым вязнем прывезлі да мяжы з Літвой, але вы адзіны адмовіліся пакінуць Беларусь.
Мікола Статкевіч: Тады яны хацелі выкінуць мяне з маёй краіны. Гэта злачынства! Я хачу сам вырашаць, дзе мне жыць. Нават калі гэта азначае турму.
ZEIT: Што тады адбылося?
Статкевіч: Я знаходзіўся ў калоніі для асабліва небяспечных рэцыдывістаў у горадзе Глыбокае, у адзіночнай камеры памерам метр на тры. Мне надзелі мяшок на галаву і завезлі ў следчы ізалятар КДБ у Мінску. Тады я зразумеў, што мяне хочуць дэпартаваць. Ужо там я сказаў, што адмоўлюся пакідаць краіну. Потым нас, палітвязняў, пасадзілі ў аўтобус разам з супрацоўнікамі КДБ і павезлі на поўнач — да літоўскай мяжы.
ZEIT: А потым?
Статкевіч: Я добра ведаю той пункт мяжы, мы шмат разоў там выязджалі, мая жонка любіла ездзіць на блышыны рынак у Вільню. Калі мы пакінулі тэрыторыю Беларусі, супрацоўнікі КДБ выйшлі з аўтобуса. У аўтобусе засталіся толькі кіроўца і мы, вязні. Калі мы спыніліся перад шлагбаумам, я ўстаў і паспрабаваў выбіць дзверы аўтобуса нагамі. Больш за ўсё я баяўся, што мне не хопіць сілы з-за праблем з сэрцам. Але я змог. Калі я нагамі выбіваў акно, мне крыкнуў таварыш: гэтай кнопкай трэба разблакаваць дзверы! (смяецца) Я так і зрабіў — і выскачыў вонкі.
ZEIT: І на момант былі свабодныя?
Статкевіч: Потым я пайшоў у бок Беларусі назад. У нейкі момант да мяне падышлі амерыканскі дыпламат і супрацоўнік КДБ. Дыпламат спрабаваў угаварыць мяне выехаць. Я сказаў: вам жа патрэбны толькі добры піяр, а я дзеля гэтага павінен адмовіцца ад радзімы? Гэтага я дакладна не зраблю!
ZEIT: Вы таксама хацелі сарваць здзелку паміж Лукашэнкам і амерыканцамі?
Статкевіч: Не. Гэта было асабістае рашэнне. Я ж не жывёла, якую можна проста прадаць!
ZEIT: Што адбылося потым?
Статкевіч: Мне далі нядоўга пагаварыць па тэлефоне з жонкай, каб яна пераканала мяне ўсё ж пакінуць краіну. Я не дазволю, каб мяне сілай вывезлі з краіны, сказаў я ёй. Яна адказала, што ведала, што я так зраблю. Але спытала, ці змаглі б мы хоць бы абняцца. Я не ведаў, што адказаць. Тады яна сказала, плачучы: «Тады няхай хаця б прапусцяць нашы лісты». Я разумеў, што ўсё застанецца, як было. Але ўпершыню за тры гады я пачуў яе голас і даведаўся, што яна перамагла рак.
ZEIT: Але сустрэчы так і не адбылося. Вас вярнулі назад у калонію. З якімі пачуццямі вы ехалі назад?
Статкевіч: Я ведаў, што за гэта будзе помста. Усё ж я сарваў медыйны эфект здзелкі паміж Лукашэнкам і Трампам. Супрацоўнікі КДБ таксама былі вельмі злыя на мяне. Думаю, яны і самі хацелі б паехаць на Захад, але ім, як супрацоўнікам сілавых структур, гэта забаронена. Яны нацягнулі мне на твар тоўстую шапку-балаклаву, ад якой я амаль задыхаўся.
ZEIT: Вы разлічвалі на помсту рэжыму. Чаму ж вы ўсё роўна пайшлі на гэта?
Статкевіч: Я супраціўляўся прымусоваму выгнанню. Незалежна ад таго, наколькі жорсткімі былі абставіны: у чалавека заўсёды ёсць выбар. І ўрэшце менавіта мой учынак прывёў да таго, што палітвязняў пры вызваленні больш не вывозяць сілай за мяжу. Хай нават гэта і азначае, што ў краіне яны застаюцца пад жорсткім кантролем.
ZEIT: Ці пагоршыліся вашы ўмовы ўтрымання пасля вяртання ў калонію?
Статкевіч: Я быў упэўнены, што жывым ужо не выйду. У калоніі мне перасталі даваць лекі, якія мне тэрмінова былі патрэбныя пасля перанесенага кавіду і з-за парушэнняў сардэчнага рытму і якія дасылала мая жонка. Менавіта дзякуючы гэтым перадачам я і ведаў, што жонка яшчэ жывая. Замест лекаў мне давалі аспірын. Як мне потым сказалі лекары турэмнай бальніцы, менавіта гэта і прывяло да майго інсульту.
ZEIT: Былі моманты, калі вы шкадавалі пра сваё рашэнне?
Статкевіч: (доўга думае) Не, ніколі. Але я ведаю, што для маіх самых блізкіх гэта было вельмі цяжка.
ZEIT: Чаму вы хацелі застацца ў Беларусі?
Статкевіч: Для мяне немагчыма пакінуць краіну. Гэта было б тое самае, што кінуць мільёны беларусаў, якія па-ранейшаму тут жывуць.