БЕЛ Ł РУС

У Варшаве абрабавалі і спрабавалі скрасці беларуса, калі ён клаў грошы на рахунак

6.08.2026 / 10:54

Nashaniva.com

Пяцёра грузінаў у Варшаве абрабавалі 25‑гадовага беларуса і спрабавалі зацягнуць яго ў сваю машыну.

Паліцыя ўжо затрымала падазраваных, ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, піша Most.

Увечары 30 ліпеня на вуліцы Добаша 25‑гадовы грамадзянін Беларусі падышоў да банкамата з вялікай сумай наяўных грошай. Калі мужчына ўносіў сродкі на банкаўскі рахунак, да яго падышлі пяцёра грамадзян Грузіі.

Яны паспрабавалі зацягнуць беларуса ў аўтамабіль. Калі ён пачаў супраціўляцца, нападнікі павалілі яго на зямлю і пачалі біць рукамі па галаве. Пасля гэтага яны забралі барсетку, мабільны тэлефон і каля 20 тысяч злотых наяўнымі (каля 4650 еўра).

Беларус атрымаў цялесныя пашкоджанні галавы. Паліцэйскія, якія прыбылі на месца здарэння, аказалі яму першую дапамогу.

Паліцыя ўстанавіла месцазнаходжанне падазраваных у разбойным нападзе. На наступны дзень іх затрымалі ў вёсцы Духнаў, якая знаходзіцца за 15 кіламетраў на ўсход ад Варшавы. Узрост затрыманых — ад 23 да 29 гадоў. Падчас следчых дзеянняў была знойдзена частка выкрадзенага.

Грузінам выставілі абвінавачанне ў разбойным нападзе, здзейсненым групай асобаў па папярэдняй змове, са спробай пазбавіць ахвяру свабоды. Усіх абвінавачаных арыштавалі на тры месяцы.

Згодна з польскім Крымінальным кодэксам, за разбой, здзейснены групай асобаў, прадугледжана пакаранне ад трох да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула