ЗША сталі часцей адмаўляць беларусам у прытулку
У маі 2026 года атрымалі прытулак толькі 22,2% заяўнікаў, 77,8% атрымалі адмовы. Яшчэ паўтара года таму станоўчыя рашэнні атрымлівалі 92% тых, хто прасіў прытулак, піша Радыё Свабода.
Вашынгтон. Фота: Allan Baxter / Getty Images
Паводле звестак валанцёраў арганізацыі ByAction, у ЗША стала магчымай дэпартацыя беларусаў, якія чакаюць палітычнага прытулку. Краінай магчымай дэпартацыі называюць краіну ў цэнтральнай Амерыцы, што мяжуе з Мексікай і Гватэмалай, — Беліз. Валанцёрам ініцыятывы вядома прынамсі пра два такія выпадкі, калі справы разглядаў адзін з іміграцыйных суддзяў у штаце Каліфорнія.
Як паведамляюць валанцёры ByAction, фігуранты гэтых спраў прыехалі ў ЗША больш за два гады таму, праходзілі легальны іміграцыйны працэс і чакалі разгляду сваіх спраў. Беларусаў затрымалі падчас выпадковых праверак дакументаў (пасля спынення аўтамабіляў).
Паводле сузаснавальніка ініцыятывы ByAction Яўгена Ждановіча, які робіць высновы з ускосных прыкмет, суд не стаў разглядаць змест заяў просьбітаў прытулку і пастанавіў накіраваць іх у трэцюю краіну — у Беліз.
«Мы пакуль не валодаем усімі матэрыяламі справы. Спрабуем знайсці гэтых людзей і адвакатаў, якія прадстаўлялі справу ў судзе, каб даведацца пра ўсе акалічнасці», — тлумачыць Яўген Ждановіч.
Паводле Ждановіча, ByAction распрацаваў аналітычную сістэму, якая адсочвае ўсе справы грамадзян Беларусі ў іміграцыйных судах ЗША.
«Мы працуем толькі з матэрыяламі, дзе няма асабістых звестак, і бачым толькі даты працэсуальных падзей і прынятыя рашэнні. Паводле нашай інфармацыі, гэта першае такое рашэнне, хоць нельга выключаць, што асобныя выпадкі мы маглі проста прапусціць. Імаверна, што цяпер фармуецца новая практыка — накіраванне эмігрантаў, якія просяць палітычнага прытулку ў ЗША, у трэція краіны», — мяркуе сузаснавальнік ByAction Яўген Ждановіч.
У снежні 2025 года і ў студзені 2026‑га былі спробы дамагчыся высылкі ва Уганду некаторых беларусаў, якія прасілі прытулку ў штаце Пенсільванія, расказаў «Свабодзе» сябра рабочай групы па пытаннях міграцыі, упаўнаважаны прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы, дэлегат Каардынацыйнай рады 4‑га склікання ад фракцыі «Еўрапейскі выбар» Глеб Івашкевіч.
«Пракуроры звярталіся ў суд з асобнымі хадайніцтвамі. Праз тыдзень яны самастойна адмовіліся ад патрабаванняў дэпартаваць людзей ва Уганду, і справы надалей разглядаліся ў звычайным парадку», — кажа ён.
Івашкевіч дадае, што адзін з фігурантаў гэтых спраў дачакаўся іміграцыйнага суда і ўсё ж атрымаў палітычны прытулак.
Іміграцыйная палітыка ЗША змянілася з прыходам да ўлады прэзідэнта Дональда Трампа. Шэраг гуманітарных праграм, накіраваных на працу з мігрантамі, быў прыпынены. Узмацніўся кантроль за выдачай амерыканскіх візаў, пашырыліся патрабаванні да працоўных мігрантаў, рэзка вырасла колькасць праверак дакументаў падчас спецыяльных рэйдаў іміграцыйнай паліцыі.
Усё гэта адбываецца падчас рэзкага росту колькасці беларусаў, якія спрабуюць атрымаць у ЗША палітычны прытулак.
Паводле звестак грамадскай арганізацыі OpenImmigration, якая збірае статыстыку разгляду іміграцыйных спраў з амерыканскіх судоў у асобных штатах, пасля 2020 года колькасць ахвочых атрымаць прытулак у ЗША беларусаў вырасла ў разы. Калі ў 2020 годзе ва ўсіх ЗША было разгледжана 98 спраў, то ў 2021‑м ужо 780, а ў 2022‑м — 939.
Падобным чынам вырасла колькасць спраў расійскіх грамадзян, аднак там пададзеных заявак значна больш — 7007 у 2022 годзе і 19 358 у 2023-м. Адмаўляюць расіянам у прытулку ў ЗША, паводле гэтай жа статыстыкі, амаль утрая часцей, чым беларусам.
Паводле звестак OpenImmigration, за перыяд з 2000 года да першай паловы 2026 года ўлады ЗША дэпартавалі з краіны толькі 8 грамадзян Беларусі, якія спрабавалі атрымаць там прытулак. Каля траціны ўсіх «беларускіх» спраў за гэты час завяршыліся наданнем прытулку, іншыя былі перакваліфікаваныя, закрытыя без дэпартацыі або скончыліся адмовай заяўнікам.
Усяго ў іміграцыйных судах ЗША цяпер на разглядзе больш за два мільёны спраў замежных грамадзян, якія падалі дакументы на атрыманне прытулку ў ЗША.
Сярод тых, хто прайшоў праз цэнтры для затрыманых імігрантаў у ЗША, быў і адзін з лідараў пратэстаў 2020 года на «Беларуськаліі» Анатоль Бокун. Зараз ён на свабодзе.
Паводле аналітычнага маніторынгу ByAction, доля ўхваленых запытаў ад беларусаў на палітычны прытулак у іміграцыйных судах ЗША зніжаецца. Эксперты арганізацыі са спасылкай на ўласныя крыніцы гавораць, што станоўчых рашэнняў моцна паменела ў траўні, хоць яшчэ леташняй зімой адмовы былі хутчэй рэдкасцю.
Аналітык ініцыятывы ByAction Ірына Аксёнчык у размове са «Свабодай» гаворыць, што за першую палову 2026 года валанцёры арганізацыі зафіксавалі ўжо больш адмоваў, чым за ўвесь 2025 год.
Паводле эксперткі, іміграцыйныя суды ў справах грамадзян Беларусі, якія просяць прытулку, сталі лічыць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася.
«Мы назіраем устойлівы трэнд на памяншэнне колькасці станоўчых рашэнняў іміграцыйных судоў аб наданні грамадзянам Беларусі статусу ўцекача ў ЗША», — гаворыць Ірына Аксёнчык.
Экспертка дадае, што паводле яе інфармацыі, у 2025 годзе ў дэтэншэны (іміграцыйныя турмы ЗША) змясцілі як мінімум 78 грамадзян Беларусі. Для параўнання: у 2024 годзе ініцыятыве ByAction было вядома пра 13 такіх выпадкаў. За першыя два месяцы 2026 года вядома пра арышт 27 грамадзян Беларусі.
Фігуранты такіх выпадкаў не заўсёды хочуць публічнасці, асцерагаючыся праблемаў на радзіме. Што да публічных асобаў сярод іх, то вядома пра арышт і змяшчэнне ў іміграцыйную турму вядомага прафсаюзнага лідара, былога супрацоўніка «Белкалію» Анатоля Бокуна, актывіста Артура Сянько, сям’і Льва і Вольгі Бабаеўскіх, Веранікі Казлоўскай.
У адказ на запыт «Радыё Свабода» Служба грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS) паведаміла, што не вядзе асобнай статыстыкі пра грамадзян Беларусі і параіла карыстацца агульнадаступнымі звесткамі Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША.
У сваю чаргу Адміністрацыйная ўправа кантролю за іміграцыяй паведаміла, што не адсочвае ў сваёй базе звестак падставы, на якіх заяўнікі просяць прытулак.