Беларусы, якім не ўдалося атрымаць адукацыйныя дакументы на радзіме, могуць паступаць у польскія ВНУ па спецыяльнай працэдуры
Беларусы, якія не могуць атрымаць адукацыйныя дакументы на радзіме з-за пагрозы пераследу, могуць паступаць у польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы па спецыяльнай працэдуры. Пра гэта паведаміла Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы ў адказ на сумесны зварот Прадстаўніцтва Аб'яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні і Прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы і студэнцтве.
Варшаўскі ўніверсітэт. Здымак ілюстрацыйны. Фота: uw.edu.pl
Гаворка ідзе пра грамадзян Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і не могуць атрымаць апастыль, выпіску з дыплома, школьны атэстат або іншыя неабходныя для паступлення дакументы, бо зварот у беларускія дзяржаўныя органы можа быць небяспечным для іх.
Польскае міністэрства нагадала, што Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў (NAWA) яшчэ ў 2022 годзе ўвяло спецыяльныя механізмы, якія дазваляюць пацвярджаць замежную адукацыю нават пры адсутнасці поўнага камплекта дакументаў.
Праз сістэму SYRENA людзі, якія маюць статус уцекача або дадатковую міжнародную абарону, а таксама асобы, што не могуць атрымаць неабходныя дакументы па палітычных прычынах, могуць падаць заяву ў спрошчаным парадку.
Пры запаўненні анкеты неабходна на першым этапе пазначыць, што заява падаецца ў рамках працэдуры для ўцекачоў. У такім выпадку не патрабуецца падаваць дакумент, які быў падставай для паступлення на папярэдні ўзровень адукацыі, а таксама дадатак з пералікам вывучаных прадметаў і адзнак. Замест гэтага дастаткова дакумента, які пацвярджае статус уцекача або атрыманне дадатковай абароны.
Акрамя таго, Міністэрства адзначыла, што польскія ўніверсітэты могуць не патрабаваць засведчаных копій дакументаў, калі грамадзянін Беларусі не мае магчымасці атрымаць іх па незалежных ад сябе прычынах.
Разам з тым канчатковае рашэнне аб прыёме і пераліку неабходных дакументаў у кожным канкрэтным выпадку прымае сама вышэйшая навучальная ўстанова.
Чытайце таксама:
Падлеткаў, якія вучацца ў Польшчы, пачалі выклікаць на размовы ў КДБ