БЕЛ Ł РУС

Развітанне з Маяй Кляшторнай пройдзе заўтра

3.08.2026 / 21:40

Nashaniva.com

Развітанне з Маяй Кляшторнай, вядомай архітэктаркай і дачкой расстралянага ў часы сталіншчыны паэта Тодара Кляшторнага адбудзецца заўтра, 4 жніўня, у Свята-Елісавецінскім манастыры па адрасе Выгоцкага, 2, у 10:00 раніцы, паведаміла яе сям'я.

Мая Кляшторная. Фота: facebook.com/christina.gorelik

Мая Кляшторная — вядомая архітэктарка, якая шмат зрабіла для ўвекавечання памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій, была навуковай кіраўніцай мемарыялу «Курапаты».

Мая Кляшторная нарадзілася 31 мая 1937 года, праз паўгода пасля арышту бацькі, але ейнай маці ўдалося дабіцца спаткання. «Мама бачыла бацьку, бацька бачыў неданошанае, але жывое немаўля», — распавядала пасля жанчына. На момант допыту маці ёй было ўсяго 3 месяцы.

Бацьку расстралялі 30 кастрычніка 1937 года, як і больш за сотню прадстаўнікоў эліты беларускага чыноўніцтва, навукі і культуры. 

«Маме казалі: 10 год без права перапіскі, і яна верыла ў гэта — і ў Акмалінскім лагеры, і пасля на пасяленні ў Сібіры, здзіўлялася, чаму бацька нас не шукае, 10 гадоў жа прайшло, «ён, напэўна, ужо дома і нас чакае».

Маці з Маяй выслалі ў Акмалінскі лагер для такіх жонак «ворагаў народа» (АЛЖЫР), дзяўчынку змясцілі ў лагерны дзіцячы дом. Маці забрала яе толькі ў 1947 годзе, бо да 8 гадоў лагераў ёй дакінулі яшчэ два гады.

У Беларусь, знішчаную вайной, яны тады не вярнуліся, жылі ў пасёлку ў Омскай вобласці. У Маі былі вялікія праблемы з хрыбтом, сем гадоў яна была прыкаваная да бальнічнага ложка. 

У Беларусь Мая вярнулася ў 1955 годзе, скончыла за два гады школу, пасля — Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, паступіла ў Маскоўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Ізноў вярнулася ў Беларусь ужо дыпламаванай спецыялісткай-архітэктаркай, працавала ў «Белпрампраекце» ў аддзеле генеральнага планавання, дзе займалася пытаннямі горадабудаўніцтва.

Адной з яе галоўных мэтаў жыцця было даведацца пра свайго бацьку, Тодара Кляшторнага, як мага больш.

Спадарыню Маю заўсёды можна было бачыць на шэсцях у Курапаты.

Чытайце таксама:

Памерла Мая Кляшторная

Як магла б выглядаць сустрэча з паэтам Тодарам Кляшторным, расстраляным у 1937 годзе

Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь

Каментары да артыкула