БЕЛ Ł РУС

Расійскі дрон знішчыў драўляную казацкую царкву XVIII стагоддзя на Херсоншчыне

3.08.2026 / 21:31

Nashaniva.com

У горадзе Берыслаў Херсонскай вобласці ў выніку атакі расійскага беспілотніка была знішчана Свята-Увядзенская царква — помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Пасля ўдару храм загарэўся і быў цалкам знішчаны, паведаміла Херсонская абласная дзяржаўная адміністрацыя.

Абласныя ўлады паведамілі, што гэта была адзіная ва Украіне захаваная драўляная казацкая святыня таго перыяду. Царкву ўзвялі ў 1725 годзе ў крэпасці Перавалочная з дубовых бярвёнаў без выкарыстання металічных цвікоў.

У 1784 годзе казакі разабралі храм, сплавілі яго па Дняпры ў Берыслаў і зноў сабралі на новым месцы. З таго часу ён быў цесна звязаны з гісторыяй узнікнення і развіцця горада.

Фота: t.me/khersonskaODA

Спачатку царква была асвечаная ў гонар Уваскрасення Хрыстовага. У 1853 годзе яе перанеслі на Увядзенскія могілкі і паўторна асвяцілі ў гонар Увядзення ў храм Найсвяцейшай Багародзіцы.

У савецкі перыяд храм закрылі і выкарыстоўвалі як склад. У пэўны момант яго нават планавалі разабраць на дровы. Набажэнствы ў царкве былі на кароткі час адноўленыя толькі падчас Другой сусветнай вайны.

Фота: t.me/khersonskaODA

Пасля пачатку поўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны храм заставаўся ў кіраванні Новакахоўскай епархіі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

Паводле інфармацыі херсонскага выдання «Мост», у жніўні 2023 года Берыслаўская гарадская вайсковая адміністрацыя звярталася ў Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны з прапановай вярнуць храм у дзяржаўную ўласнасць, аднак гэты зварот не атрымаў адказу.

Чытайце таксама:

Людзі на паўночнай Чарнігаўшчыне: У нас няма нянавісці да беларусаў, мы з імі перамяшаныя. А да Расіі ёсць

У Днепрапятроўскай вобласці расійскі дрон трапіў у маршрутку з людзьмі

Шматдзетную сям'ю пад Крывым Рогам забіла ракета з КНДР

«Тэмпы наступлення Расіі знізіліся ў разы». Ваенныя аналітыкі — пра тое, як за лета змяніўся ход вайны ва Украіне

Каментары да артыкула