Пад Гроднам знайшлі велізарны грыб памерам з чалавечую галаву ФОТЫ
Незвычайнай знаходкай падзялілася жыхарка Гродна Інна. Падчас прагулкі ў раёне вёскі Караліно яна заўважыла вялікі грыб — порхаўку, якая па памерах была прыкладна як галава чалавека, паведамляе newgrodno.by.
Фота: newgrodno.by
Грыб не ўзважвалі, але па фотаздымках можна ацаніць яго памеры: на адным з кадраў відаць, як знаходку нясуць дадому, а побач для параўнання знаходзіцца хатні гадаванец.
Фота: newgrodno.by
Гаворка ідзе пра порхаўку, або галавач гіганцкі — так ён афіцыйна называецца. Звычайна такі грыб можа вырастаць да 50—70 сантыметраў у дыяметры, а яго вага складае ад 1 да 4 кілаграмаў. Аднак вядомыя выпадкі, калі асобныя экземпляры важылі больш за 20 кілаграмаў.
Гэты від лічыцца ўмоўна ядомым, але ўжываць яго ў ежу можна толькі ў маладым узросце. Калі мякаць унутры белая і шчыльная — грыб прыдатны для прыгатавання. Калі ж яна стала бурай, жоўтай або зялёнай, гэта сведчыць пра тое, што грыб пераспеў, і есці яго ўжо не варта.
Чытайце таксама:
У Буда-Кашалёўскім раёне знайшлі новы для краіны від лішайніку
У беларускім лесе знайшлі вельмі рэдкую лісічку
Палезлі грыбы. Дзе і што знаходзяць?
«Хоць касой касі». Беларусы знайшлі ў лесе паляну, літаральна ўсыпаную лісічкамі ВІДЭА