Службу знешняй разведкі Украіны ўзначаліць Рустэм Умераў
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Рустэм Умераў будзе прызначаны кіраўніком Службы знешняй разведкі Украіны. Да гэтага ён займаў пасаду сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.
Рустэм Умераў. Фота: УНІАН
Па словах Зяленскага, на новай пасадзе Умераў працягне каардынаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, у тым ліку ў межах праграмы Drone Deals. Гэты фармат прадугледжвае доўгатэрміновае фінансаванне ўкраінскай абароннай прамысловасці з боку краін-партнёраў, якія ўзамен атрымліваюць доступ да сучасных абаронных распрацовак.
Як адзначыў прэзідэнт, цяпер пагадненні ў рамках Drone Deals ужо заключаныя з дзевяццю краінамі, яшчэ з пятнаццаццю вядуцца перамовы.
Зяленскі таксама паведаміў, што Умераў працягне займацца перамовамі са Злучанымі Штатамі і іншымі партнёрамі, а таксама будзе ўдзельнічаць у перамоўным працэсе, які датычыцца спынення расійска-ўкраінскай вайны. Паводле яго, прызначэнне на чале знешняй разведкі дасць Умераву больш магчымасцяў для працы на стыку дыпламатыі, бяспекі і абароны.
Падчас знаходжання на пасадзе сакратара РНБА Умераў ужо ўдзельнічаў у перамовах паміж Украінай, ЗША і Расіяй. У ліпені паведамлялася, што ён на працягу двух дзён праводзіў сустрэчы з Джарэдам Кушнерам, зяцем прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Новым сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі і абароны стане Ігар Кліменка. Паводле Зяленскага, ягоны вопыт працы на чале Міністэрства ўнутраных спраў і каардынацыі дзейнасці органаў бяспекі дапаможа ўзмацніць узаемадзеянне РНБА з урадам, асабліва ў пытаннях устойлівасці краіны ва ўмовах вайны.