БЕЛ Ł РУС

Чыноўнікі пераблыталі нумар кватэры і засялілі жанчыну не туды, а калі яна зрабіла рамонт, запатрабавалі памяняцца з суседам

2.08.2026 / 17:40

Nashaniva.com

Непрыемная гісторыя адбылася ў Дзятлаве.

Дом у Дзятлаве. Фота гераіні

Вольга Грамадская вырасла ў дзіцячым доме і шмат гадоў стаяла ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. У 2025 годзе ёй як сіраце выдалі новую трохпакаёвую арэндную кватэру №4 у новым доме ў Дзятлаве (Гродзенская вобласць). Жанчына з двума дзецьмі (13 і 9 гадоў) засялілася, зрабіла рамонт і абсталявала жыллё пад сябе — выдаткавала больш за 10 тысяч рублёў.

Праз год з ЖКГ патэлефанавалі і паведамілі: забудоўшчык пры здачы дома пераблытаў нумарацыю кватэр, і насамрэч Вольга павінна жыць не ў кватэры №4, а ў №6 (кватэры па плошчы падобныя). Жанчыне прапанавалі проста пераехаць, без кампенсацыі, апісвае sb.by.

Вольга спрабавала дамовіцца — прапаноўвала проста выправіць дакументы, калі розніца мінімальная. Але ёй адмовілі, прапанаваўшы ўзамен толькі грузчыкаў для пераезду. Тады яна звярнулася ў пракуратуру, запісала ролік у TikTok і пайшла ў СМІ.

У ЖКГ пацвердзілі: памылку дапусціў забудоўшчык (УКБ Слонімскага раёна), а пры прыёмцы яе не заўважыў і майстар жылфонду. Праблему выявілі толькі праз год, калі суседзі заняліся афармленнем тэхпашпарта. Прычына, чаму проста нельга памяняць дакументы: кватэра №6 будавалася на бюджэтныя сродкі, а кватэра Вольгі — арэндная, таму афіцыйна гэта розныя катэгорыі жылля.

Пасля візіту журналістаў у ЖКГ заявілі, што ўсё ж пастараюцца ўрэгуляваць сітуацыю на ўзроўні дакументаў, не прымушаючы сям’ю пераязджаць. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула