БЕЛ Ł РУС

У «Мінскзяленбудзе» пракаментавалі з'яўленне на мінскім праспекце ліп у вазонах

31.07.2026 / 16:36

Nashaniva.com

На праспекце Незалежнасці ў Мінску зноў з'явяцца ліпы — гэтым разам іх высаджваюць у адмысловыя вазоны. Па стане на 31 ліпеня ўжо паставілі 52 ліпы, а ўсяго ў найбліжэйшыя дні цэнтральную магістраль плануюць аздобіць прыкладна 150 такімі дрэвамі, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота: «Мінск-Навіны»

Такое рашэнне з'явілася пасля абнаўлення тратуараў на праспекце Незалежнасці. На месцы старых дрэў частку ўчасткаў выклалі пліткай, а на яе паставілі вазоны з дрэвамі. Такі падыход не вельмі спадабаўся карыстальнікам сацыяльных сетак. 

У «Мінскзеленбудзе» патлумачылі, што на ўчастку да скрыжавання з вуліцай Янкі Купалы плануюць размясціць каля 150 дрэў.

Фота: «Мінск-Навіны»

Выбар менавіта ліпаў звязаны з тым, што гэтыя дрэвы традыцыйна раслі на праспекце. Акрамя таго, ліпы добра пераносяць фармавальную абрэзку, таму ім можна надаваць патрэбную форму.

Паводле наяўных планаў, дрэвы ў вазонах будуць знаходзіцца на праспекце пастаянна, у тым ліку і зімой. Вышыня вазонаў перавышае метр, таму дарожныя супрацьгалалёдныя рэагенты павінны менш трапляць на дрэвы. Калі ж зімовыя ўмовы акажуцца неспрыяльнымі, вазоны з ліпамі змогуць часова прыбіраць.

Фота: «Мінск-Навіны»

У «Мінскзяленбудзе» раней тлумачылі, што старыя дрэвы ўздоўж праспекта Незалежнасці моцна пацярпелі ад супрацьгалалёдных рэагентаў, якімі апрацоўваюць вуліцы зімой, а таксама ад выхлапных газаў. Нягледзячы на падкормку, паліванне і іншыя меры догляду, захаваць частку насаджэнняў не ўдалося.

Таму замест новых дрэў у зямлі на цэнтральнай магістралі і вырашылі выкарыстаць ліпы ў спецыяльных вазонах.

Чытайце таксама:

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца

У Мінску на месцы ссечаных дрэў будуць ставіць дрэвы ў вазонах

Беларуска вырасціла пад Мінскам гіганцкую двухметровую лілею

Каментары да артыкула