БЕЛ Ł РУС

Беларуска з картай паляка выйшла замуж за літоўца і збіралася пераехаць да яго, але ёй забаранілі ўезд у Літву

1.08.2026 / 10:00

Міра Нікановіч

Прычынай стала былая праца Таццяны.

Фота: tatana_wawa / Instagram

Беларуска Таццяна Крыгіна расказала ў сацсетках, што пасля вяселля ёй забаранілі ўезд у краіну мужа. Два гады таму яна выйшла замуж за грамадзяніна Літвы, з якім пазнаёмілася, калі прыехала ў Вільню да сяброўкі.

Яны з Арцёмам перапісваліся анлайн, а праз некалькі тыдняў хлопец прыехаў да Таццяны ў Беларусь. Праз шэсць тыдняў пасля знаёмства Арцём прапанаваў беларусцы стаць яго жонкай.

Пара вырашыла жыць у Літве, тым больш што шлюб з літоўцам дае Таццяне права на літоўскі ДНЖ. Пасля вяселля дзяўчына падала дакументы на ДНЖ.

Але ж яна не атрымала доўгачаканы пластык:

«Замест дазволу я атрымала адмову. А потым здарылася тое, чаго мы ўвогуле не чакалі — літоўская міграцыйная служба прызнала мяне пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла мне ўезд у краіну на 2,5 года».

У адным з каментароў у інстаграме Таццяна тлумачыць прычыны такога рашэння. Паводле яе слоў, літоўцы пайшлі на такі крок праз яе частыя паездкі на радзіму і «працу ў навінавым партале ў Беларусі».

У 2022‑м Таццяна была галоўнай рэдактаркай на сайце 024.by — невялікім навінавым партале, які не працуе апошнім часам.

У партала быў і ютуб-канал, дзе на сёння 5500 падпісчыкаў. Таццяна гутарыла там, напрыклад, з экспертамі пра фондавую біржу ці кібербяспеку.

Пасля атрымання ад Літвы статусу пагрозы Таццяна не здалася. Яна пайшла судзіцца з літоўскай міграцыёнкай і выдаткавала на гэта каля года. Першы суд дзяўчына прайграла, але падала апеляцыю і апеляцыйны суд выйграла. Загадалі перагледзець справу, але новы суд Таццяна зноў прайграла.

Давялося шукаць новую краіну, дзе пара магла б уз’яднацца. Выбралі Польшчу, кажа Таццяна:

«Самым складаным было тое, што Польшча не была нашым першапачатковым планам. Мы не рыхтаваліся да пераезду, у нас тут не было сяброў, сваякоў і знаёмых. Трэба было пачынаць усё практычна з нуля».

Пашчасціла, што ў Таццяны была карта паляка. Дзяўчына атрымала яе 7 гадоў таму. Карта паляка дала Таццяне магчымасць падацца на сталы побыт.

Падаць дакументы на польскае грамадзянства беларуска зможа праз год жыцця ў Польшчы са сталым побытам. А пакуль што Таццяна актыўна здымае мужа ў блогу і разважае пра эміграцыю ў Польшчу:

«Памылка №1 — не вучыць польскую мову. Шмат хто думае: «Польская мова падобная да рускай, разбяруся ў працэсе». 

На практыцы без мовы складана вырашаць нават звычайныя побытавыя пытанні — наведваць ужонд, звяртацца да доктара, афармляць дакументы, падключаць паслугі. Ды і англійская дапамагае далёка не заўжды».

Чытайце таксама:

Беларус паўтара года чакаў ПМЖ у Польшчы, а потым атрымаў ліст, што яго карту паляка анулявалі яшчэ чатыры гады таму

Без рахунку, без працы, без дакументаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыі

«30 тысяч ужо аддаў за арэнду». Праграміст усё палічыў і ўзяў іпатэку ў Вільні

Каментары да артыкула