БЕЛ Ł РУС

Як Канье Уэст сабраў беларусаў у музеі Мадрыда

31.07.2026 / 16:43

Максім Сыраежка

Беларусы, якія прыехалі ў Мадрыд на канцэрт рэпера Канье Уэста, выпадкова сустрэліся ў Музеі мастацтва Прада. Займальную гісторыю расказаў мастацтвазнаўца Мікіта Моніч.

У мадрыдскім Музеі Прада. Фота: Wikimedia Commons

Амерыканскі рэпер Канье Уэст (Ye), які апошнія гады больш вядомы скандальнымі антысеміцкімі і пранацысцкімі выказваннямі, 30 ліпеня выступіў у Мадрыдзе. На канцэрт прыехалі і беларусы. Для некаторых з іх паездка запомнілася не толькі выступам музыкі, але і нечаканай сустрэчай у Музеі Прада. Гісторыю расказаў у сацсетках мастацтвазнаўца Мікіта Моніч.

Усё пачалося з экскурсіі для аднаго беларуса, які прыехаў у Мадрыд на канцэрт амерыканскага рэпера.

«Вольны час ёсць, таму зранку ў Прада, увечары на канцэрт», — кажа Мікіта.

Падчас агляду экспазіцыі высветлілася, што ў тым жа музеі знаходзяцца сябры ягонага госця, якія таксама прыехалі ў Мадрыд на канцэрт:

«Ідзём мы з ім, дайшлі да Мона Лізы, нашай тут мясцовай, і высвятляецца, што ягоныя сябры-знаёмыя таксама прыехалі на канцэрт і тут, у Прада, бо беларусы культурныя, у Прада ідуць. І стала нас трое».

Аднак на гэтым гісторыя не скончылася.

«Сустрэліся мы ўжо з гэтымі новымі беларусамі ў зале Босха. Толькі я пачаў распавядаць пра смяротныя грахі, як бачу яшчэ два чувакі ад свайго аўдыягіда адключыліся і нас слухаюць. І кажуць: «Ой, чуваць беларускую мову, а мы таксама беларусы!» І вось нас ужо пяцёра», —

працягвае Моніч.

«Бачыце, нават нейкі музыка (…), а ўсё роўна робіць добрую справу тым, што беларусы сустракаюцца ля мастацтва і знаёмяцца з гэтым самым мастацтвам. Ну не цуд? Цуд, — дзеліцца сваімі эмоцыямі Моніч і заклікае:

— Шукайце адно аднаго і па магчымасці рабіце гэта ў прыемных культурных месцах, напрыклад у музеі, бо музей — гэта клёва». 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула