Зяленскі назваў лічбы ўкраінскіх страт на вайне
«Таксама ёсць вялікая колькасць тых, хто лічыцца зніклым без вестак», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Могілкі палеглых украінскіх салдат ля Кіева. Фота: Evgeniy Maloletka / AP
Прэзідэнт Украіны агучыў колькасць украінскіх страт у вайне: каля 50 тысяч загінулых і 400 тысяч параненых. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю вядучаму тэлеканала Fox News Брэту Баеру, піша «Украінская праўда».
«Выбачайце, але, шчыра кажучы, я не хачу быць занадта адкрытым у гэтым пытанні, бо расіяне зразумеюць, што адбываецца з нашым войскам. Такім чынам, у нас каля 50 тысяч загінулых вайскоўцаў і каля 400 тысяч параненых. Таксама ёсць вялікая колькасць тых, хто лічыцца зніклым без вестак».
Адказваючы на пытанне вядучага, колькі расіян загінула ў вайне ў параўнанні з Украінай, Зяленскі таксама заявіў: «У іх 1 мільён 600 тысяч агульных страт і каля 700 тысяч забітых».
На пытанне журналіста, ці перамагае цяпер Украіна, Зяленскі адказаў: «У рэальнай сітуацыі на полі бою важна тое, што ініцыятыва не знаходзіцца ў руках Расіі. Мы не прайграём, і яны не перамагаюць».