У Венгрыі і Румыніі з-за спёкі і абмялення Дуная спынілі атамныя рэактары
Упершыню ў гісторыі Венгрыі і Румыніі давялося адключыць атамныя энергаблокі з-за анамальна нізкага ўзроўню вады ў Дунаі.
АЭС у Румыніі. Фота: Andreea Alexandru / AP
Адзіная АЭС Венгрыі ў Пакшы часова спыніла вытворчасць электраэнергіі: у выніку краіна страціла каля 2000 мегават магутнасці. Прэм'ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр папярэдзіў, што ўжо ў найбліжэйшыя дні можа ўзнікнуць энергетычны крызіс, піша Bild.
Спыненне асабліва адчувальнае для Венгрыі, дзе каля паловы ўсёй электраэнергіі выпрацоўваецца на АЭС. На фоне моцнай спёкі спажыванне электраэнергіі расце праз актыўнае выкарыстанне кандыцыянераў, а ўлады заклікалі жыхароў эканоміць электрычнасць у гадзіны пікавай нагрузкі. Прычынай праблемы стаў узровень Дуная: з-за недахопу ападкаў і некалькіх хваляў спёкі вада ў рацэ апусцілася да рэкордна нізкіх значэнняў.
Падобная сітуацыя адбылася і ў Румыніі. Там праз пагаршэнне гідралагічных умоў спынілі другі рэактар АЭС «Чарнаводэ» — адзінай атамнай электрастанцыі краіны. Першы рэактар быў адключаны некалькі дзён таму.
АЭС выкарыстоўваюць ваду з рэк для астуджэння абсталявання, таму значнае абмяленне Дуная прымушае зніжаць магутнасць або цалкам спыняць іх работу.