БЕЛ Ł РУС

Іспанія не дае рады наплыву мігрантаў у сваім афрыканскім анклаве

30.07.2026 / 23:37

Nashaniva.com

Іспанскі ўрад вырашыў накіраваць вайскоўцаў у свой паўночнаафрыканскі анклаў Сеута, каб узмацніць бяспеку на фоне рэзкага павелічэння колькасці нелегальных мігрантаў, піша EFE.

Фота: Antonio Sempere/AP/ Scanpix

Увечары 30 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў Іспаніі паведаміла, што ў Сеуту накіруюць 60 вайскоўцаў Узброеных сіл і дадаткова 30 супрацоўнікаў Цывільнай гвардыі. Вайскоўцы павінны падтрымаць праваахоўнікаў у гарантаванні бяспекі і парадку ў горадзе.

Рашэнне было прынята пасля таго, як за апошні тыдзень у Сеуту з Марока праз мора перабраліся каля 1500 мігрантаў. Мясцовыя ўлады заявілі, што ўжо не спраўляюцца з такім наплывам людзей.

Фота: AP

Прэзідэнт Сеуты Хуан Хесус Вівас раней заклікаў урад у Мадрыдзе абвясціць надзвычайнае становішча і ўзяць сітуацыю ў горадзе пад кантроль. Ён папярэджваў, што мясцовыя службы перагружаныя праз вялікую колькасць новых мігрантаў.

Спачатку іспанскае МУС адмовілася разглядаць магчымасць увядзення надзвычайнага становішча, заявіўшы, што міграцыйныя патокі не адносяцца да рызык, якія дазваляюць выкарыстоўваць адпаведны рэжым грамадзянскай абароны. Аднак пасля абвастрэння сітуацыі ўлады прынялі рашэнне ўзмацніць бяспеку з дапамогай вайскоўцаў.

Сеута — невялікі іспанскі анклаў на ўзбярэжжы Паўночнай Афрыкі, які мяжуе з Марока. Разам з Мелільяй ён мае асаблівы статус і з'яўляецца адным з асноўных маршрутаў, праз якія мігранты спрабуюць трапіць на тэрыторыю ЕС.

Міграцыйная сітуацыя ўскладнілася пасля нядаўняга рашэння Вярхоўнага суда Іспаніі. У ліпені суд пастанавіў, што мігрантаў, затрыманых у моры падчас спробы дабрацца да Сеуты або Мелільі, нельга аўтаматычна і неадкладна вяртаць у рамках спецыяльнага рэжыму адмовы ва ўездзе, які дзейнічае ў гэтых анклавах. Справа кожнага мігранта павінна разглядацца асобна.

Натхнёныя гэтым, усё больш людзей наважваюцца на небяспечны маршрут праз мора. Многія плывуць гадзінамі, трымаючыся за звычайныя надзіманыя кругі. Толькі за апошнія дні загінулі як мінімум чатыры чалавекі.

Паралельна Еўрапейскі парламент у чэрвені падтрымаў новыя міграцыйныя правілы, якія дазваляюць краінам ЕС накіроўваць у спецыяльныя цэнтры ў трэціх краінах тых мігрантаў, якім было адмоўлена ў наданні прытулку.

Чытайце таксама:

У ЗША пад пагрозу дэпартацыі могуць трапіць каля трох тысяч беларусаў

На мяжы Беларусі з Літвой знайшлі патаемны тунэль

У Расіі мігранта з Беларусі асудзілі за распальванне варожасці да мігрантаў з Азіі

Каментары да артыкула