БЕЛ Ł РУС

Дэпартамент міграцыі Літвы ініцыяваў праверку былога зяця Шэймана пасля журналісцкага расследавання

30.07.2026 / 12:19

Nashaniva.com

Дэпартамент міграцыі Літвы звярнуўся ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі з просьбай ацаніць, ці не нясе знаходжанне ў краіне грамадзяніна Беларусі Андрэя Шымановіча пагрозу нацыянальнай бяспецы. Падставай для гэтага стала сумеснае міжнароднае расследаванне журналістаў, у тым ліку «Бюро».

Андрэй Шымановіч і Вольга Шэйман на адпачынку. Крыніца: Instagram-акаўнт маці Андрэя Шымановіча

Прадметам занепакоенасці літоўскіх уладаў сталі факты пра стварэнне мабільных дадаткаў, якія могуць перадаваць інфармацыю спецслужбам Беларусі і Расіі. Паколькі Дэпартамент міграцыі не мае функцый кібербяспекі, ён адначасова звярнуўся ў Нацыянальны цэнтр кібербяспекі і Бюро літоўскай крымінальнай паліцыі з просьбай правесці экспертызу і ацаніць праграмны код дадаткаў на наяўнасць уразлівасцяў і шкоднаснага функцыяналу.

Пасля атрымання высноў усіх ведамстваў будзе прынята рашэнне пра прававы статус Шымановіча ў Літве.

Хто такі Андрэй Шымановіч

Андрэй Шымановіч — беларускі бізнэсовец, які ў 2016 годзе ажаніўся з Вольгай Шэйман, дачкой аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі Віктара Шэймана. Ён шмат падарожнічаў з сям'ёй Шэймана, у тым ліку ў рамках бізнес-праектаў у Зімбабвэ.

Як высветлілі журналісты, Шымановіч мае дачыненне да шэрагу праектаў у сферы збору даных і сачэння:

mSpy — сэрвіс для схаванага сачэння за тэлефонамі (геалакацыя, паведамленні, званкі), які перажыў некалькі буйных уцечак даных.

Nicegram, eSIM Plus, InLab, Aivan — праграмы і надбудовы, распрацаваныя праз звязаную сетку кампаній у Беларусі і Літве. Дадаткі патрабуюць залішніх дазволаў (доступ да камеры, мікрафона, кантактаў) і перадаюць тэлеметрыю ў расійскую сістэму Yandex AppMetrica.

У 2023 годзе Шымановіч атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве як стартапер, а ў 2025 годзе падоўжыў яго.

Праверку пры атрыманні ДНЖ ён прайшоў меркавана з-за таго, што на той момант ужо развёўся з Вольгай Шэйман, хоць свой бізнес у Вільні засноўваў яшчэ будучы членам сям'і ўплывовага чыноўніка беларускага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула