БЕЛ Ł РУС

«У дзень на ежу трацім 30—40 BYN». Як жыве ў Беларусі сям'я з даходам 3 000 BYN

29.07.2026 / 18:03

Nashaniva.com

Наталля — мама падлетка. Жыве ў абласным цэнтры, працуе ва ўстанове адукацыі, зарабляючы каля 1 500 BYN. Яшчэ прыкладна на такую ж суму папаўняюць бюджэт здача кватэры, якая дасталася ў спадчыну, і аліменты ад былога мужа. Разам — 3 000 BYN. Як гэтая сума траціцца, у жанчыны запытала выданне Myfin.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Дар'я Баўкун

«Роўна траціна бюджэту з'ядаецца ў літаральным сэнсе»

Найбольшы артыкул выдаткаў — ежа.

«Я неяк задалася мэтай і падлічыла, што ў дзень нам з дачкой трэба 30—40 BYN. Гэта значыць у раёне 1 000 BYN у месяц. Атрымліваецца, што роўна траціна бюджэту з'ядаецца ў літаральным сэнсе. Стараюся есці больш-менш карысную ежу, хоць часам хочацца і шкоднага. Тады купляю сабе каўбасу, а дачцэ чыпсы. Усе мы людзі. Больш стараюся сама штосьці прыгатаваць, чым купляць гатовае ў кулінарыі».

У халадзільніку Наталлі даволі разнастайны набор прадуктаў. Яна бярэ мяса, рыбу, малочку: тварог звычайны і мяккі, кефір, грэчаскі ёгурт. Заўсёды павінна быць гародніна: балгарскі перац, памідоры, агуркі і зеляніна. І кабачкі ў сезон, вядома ж.

Фота: Марыя Хлыстова

«Купляю адзенне і ў краме, і на рынку, і ў стоках»

Калі да ежы Наталля ставіцца рацыянальна, то ў пытаннях адзення ўсе эканамічныя фільтры адключаюцца. Ёй падабаецца прыгожа і модна апранацца, не можа гадамі хадзіць у адным і тым жа, даводзіцца перыядычна купляць адзенне, абутак і аксесуары.

«Купляю адзенне і ў краме, і на рынку, і ў стоках. Дачка, у адрозненне ад мяне, да адзення ставіцца спакойна, аддае перавагу спартыўнаму стылю. Ёй дай аверсайз худзі, спартыўныя штаны, красоўкі — і яна шчаслівая. У доме я галоўны шопаголік. Нават лічыць не хачу, колькі трачу. Шмат. У чэрвені купіла касцюм і туфлі — 400 BYN. У ліпені — дзве сукенкі. Адна каштавала каля 100 BYN на зніжцы, затое другую знайшла ў сэкандзе за 16».

Фота: Марыя Хлыстова

«Бяром адзін сэт на дваіх ці на траіх»

На працу Наталля ездзіць грамадскім транспартам.

«Кожны дзень трачу грошы на праезд на працу і з працы, часцей за ўсё езджу маршруткай, атрымліваецца 84—88 BYN у месяц. Затое ашчаджаю на абедзе, бо бяру «ссабойкі».

Фота: Марыя Хлыстова

Выхадныя на канапе перад серыялам Наталля праводзіць крайне рэдка. Дома ёй не сядзіцца. Два-тры разы на месяц яны з сяброўкамі ладзяць «выхад у свет»: кавярня, хатнія пасядзелкі, музеі, тэатры ці канцэрты.

«Стараюся хадзіць туды, дзе квіткі недарагія, спрабую таннейшым зрабіць свой адпачынак. Калі сустракаемся ў кавярні, у сярэднім пакідаю 30 BYN. Калі, вядома, пасядзець больш грунтоўна, то і 50 рублёў. Любім сядзець ва ўстановах падчас «Гастрафэстаў», тады бяром адзін сэт на дваіх ці на траіх, атрымліваецца вельмі бюджэтна».

На касметыку 100 BYN штомесяц

Яшчэ адзін артыкул выдаткаў — касметыка. Хоць Наталля і не карыстаецца нічым касмічна дарагім, але нават найбольш неабходная база ўлятае ў капейчыну. У яе касметычцы — крэмы і сыроваткі для твару, танальнік, пудра, туш, аловак для броваў, румяны, памады.

«Каля 100 BYN на касметыку ідзе кожны месяц. То адно скончыцца, то іншае — даводзіцца абнаўляць. Люблю карэйскую касметыку і нашу «Беліту». Тая серыя, якая мне падабаецца, не бюджэтная — калі браць усю лінейку, то атрымліваецца зусім не танна. Карэйскую касметыку стараюся купляць на зніжках. Шмат догляду патрабуюць валасы: шампунь, кандыцыянер, бальзамы, маскі, алей, філеры і тэрмаабарона. А, яшчэ патрэбны вітамінны комплекс ад выпадзення двойчы на год. Раз у месяц раблю пазногці — 50 BYN. Дачка касметыкай амаль не карыстаецца, але калі кудысьці выбіраецца «на выхад», то бярэ маю».

Фота: Марыя Хлыстова

Наталля з дачкой жывуць у трохпакаёвай кватэры. За камуналку ў мінулым месяцы гераіня заплаціла 130 BYN, яшчэ 50 BYN аддала за электраэнергію, 40 BYN — за хатні інтэрнэт. На тэлефоны ідзе аднолькава: па 35 BYN у месяц сабе і дачцэ.

«Зайшла ў Fix Price па мыла, выйшла з чэкам на 40 BYN»

Калі скласці ўсе буйныя і зразумелыя выдаткі Наталлі, то набягае трохі больш за 1 800 BYN. Па законах матэматыкі на руках у яе павінна заставацца больш за свабодную тысячу. Але не застаецца. Куды ідуць гэтыя грошы?

«На выдаткі, якія складана зафіксаваць у моманце. Дзіцяці патрэбныя кішэнныя грошы, даю яшчэ і на кіно з піцай, школьныя патрэбы зноў жа. Абутак і курткі на падлетка каштуюць як на дарослага, а мяняюцца кожны сезон. Вялікія куплі запомніць лёгка, а вось дробязі кшталту «зайшла ў Fix Price па мыла, выйшла з чэкам на 40 рублёў» праходзяць міма».

Сюды ж — паход у аптэку, калі захварэлі, ці спантанны падарунак сяброўцы на дзень нараджэння. Грошы проста разыходзяцца на жыццё. Нібыта нічога лішняга не купілі, а заначкі як не было, так і няма. Але і ў даўгі Наталля не залезла. Жыве тут і цяпер.

Куды ідуць грошы сям'і з даходам 3 000 BYN (мама і дачка)

Толькі прадукты, камунальныя паслугі, сувязь, інтэрнэт, праезд, касметыка і манікюр абыходзяцца сям'і прыкладна ў 1 525 BYN у месяц. Пры гэтым у суму не ўваходзіць адзенне, выдаткі на дзіця, лекі, падарункі і шматлікія дробныя куплі.

Чытайце таксама:

Беларусы расказалі пра сямейны бюджэт і выдаткі на іпатэку ў Польшчы

«Мы ачмурэлі ад таго, наколькі гэта дорага». Колькі беларусы зараз трацяць на вяселле

«За год можна зарабіць на кватэру ў Мінску». Беларуска расказала, як паехала працаваць у горад будучыні

«Часам я жыла на 100 і на 40 рублёў у месяц». Як маці з 4 дзецьмі выстаяла ў глухой беларускай вёсцы

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу

Каментары да артыкула