На адным з пляжаў Камсамольскага возера ў Мінску знайшлі кішэчную палачку
На пляжы № 6 вадасховішча «Камсамольскае возера» ў Мінску часова забаронена купанне дзяцей пасля таго, як у вадзе знайшлі перавышэнне дапушчальных мікрабіялагічных паказчыкаў, у тым ліку кішэчную палачку, паведамілі ў Зелянбудзе Цэнтральнага раёна сталіцы.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Падставай для ўвядзення абмежаванняў сталі вынікі лабараторных даследаванняў, праведзеных 23 ліпеня.
Забарона тычыцца толькі дзіцячага купання ў межах пляжа № 6. Калі санітарныя паказчыкі вады палепшацца і будуць адпавядаць устаноўленым нормам, абмежаванне могуць адмяніць.
Раней падобныя меры ўжо прымаліся на асобных пляжах Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, аднак мінскія вадаёмы тады ў гэты пералік не ўваходзілі.
У Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя нагадалі, што на працягу ўсяго купальнага сезона якасць вады на афіцыйных пляжах краіны кантралюецца штотыдзень.
Чытайце таксама:
«Была ў Егіпце 12 разоў, там не лепш». Беларусы расказалі, як адпачываюць у айчынных санаторыях
З Мінска на пляж — усяго за 7 хвілін. Як мінчукі ляталі на Мінскае мора самалётамі