БЕЛ Ł РУС

Кампанія Johnson & Johnson стамілася судзіцца праз нібыта канцэрагенныя дзіцячыя прысыпкі і прапанавала адкупіцца

28.07.2026 / 23:34

Nashaniva.com

Амерыканская кампанія Johnson & Johnson прапанавала выплаціць да 5,5 мільярда даляраў, каб урэгуляваць дзясяткі тысяч судовых пазоваў у ЗША. У гэтых пазовах сцвярджаецца, што дзіцячая прысыпка і іншая прадукцыя кампаніі на аснове тальку магла выклікаць рак яечнікаў.

Фота: Getty Image

Прапанаванае пагадненне павінна пакласці канец шматгадовым судовым разбіральніцтвам, якія негатыўна адбіваліся на дзейнасці кампаніі. Пры гэтым Johnson & Johnson працягвае настойваць, што яе прадукцыя не выклікае анкалагічных захворванняў. У кампаніі таксама нагадалі, што склад папулярнай дзіцячай прысыпкі ўжо быў зменены.

Віцэ-прэзідэнт кампаніі па судовых пытаннях Эрык Гаас заявіў, што абвінавачанні не маюць навуковага абгрунтавання. Паводле яго слоў, кампанія пагаджаецца на выплату кампенсацый не таму, што прызнае сваю віну, а каб канчаткова закрыць гэтае пытанне і засяродзіцца на распрацоўцы новых лекаў і медыцынскіх вырабаў.

Прапанова тычыцца каля 76 тысяч пазоваў, што складае большасць усіх нявырашаных спраў, звязаных з прадукцыяй на аснове тальку. Johnson & Johnson плануе выплаціць да 3 мільярдаў даляраў у наступным годзе, а астатнюю суму — не раней за 2028 год.

Каб пагадненне набыло сілу, яго павінны падтрымаць юрыдычныя фірмы, якія прадстаўляюць не менш як 95 працэнтаў пазоўнікаў па справах аб раку яечнікаў у федэральных судах і судах штатаў.

Кампанія падкрэслівае, што ўпэўненая ў сваёй рацыі і лічыць, што магла б выйграць большасць судовых працэсаў, як гэта ўжо адбывалася ў многіх папярэдніх выпадках.

Падраздзяленне Kenvue, якое было вылучана са складу Johnson & Johnson у 2022 годзе, цяпер адказвае за продаж дзіцячай прысыпкі Johnson's Baby Powder за межамі Паўночнай Амерыкі. Кампаніі Kenvue таксама належаць такія вядомыя брэнды, як Band-Aid, Listerine і Calpol.

Першыя пазовы супраць Johnson & Johnson пачалі паступаць яшчэ ў 2009 годзе. Пазоўнікі сцвярджалі, што тальк у прадукцыі кампаніі быў забруджаны азбестам, які з'яўляецца вядомым канцэрагенам. Азбест можа трапляць у тальк, паколькі радовішчы гэтых мінералаў нярэдка знаходзяцца побач.

У пачатку ліпеня федэральны суд ЗША прыняў рашэнне на карысць кампаніі, адзначыўшы, што асобным пазоўнікам цяжка даказаць непасрэдную сувязь паміж выкарыстаннем тальку і развіццём раку яечнікаў.

Johnson & Johnson паслядоўна адмаўляе ўсе абвінавачанні і заяўляе, што шматлікія даследаванні пацвярджаюць бяспеку тальку, адсутнасць у ім азбесту і недаказанасць яго сувязі з узнікненнем раку.

У 2022 годзе кампанія абвясціла, што цалкам спыняе вытворчасць і продаж дзіцячай прысыпкі на аснове тальку ва ўсім свеце. Замест яе цяпер выпускаецца прадукт на аснове кукурузнага крухмалу.

Чытайце таксама:

Апалоскванне рота можа прынесці больш шкоды, чым карысці

Навукоўцы: хімікаты ў нарошчаных валасах могуць павышаць рызыку раку грудзей

ЕС збіраецца забараніць этанол у антысептыках для рук

Нечаканая пагроза: ад змены клімату ў рысе становіцца больш мыш’яку

Каментары да артыкула