БЕЛ Ł РУС

«Я бачу, як мой твар пачынае дрыжаць». У беларускі ў Польшчы дыягнаставалі пухліну галаўнога мозгу

28.07.2026 / 13:18

Nashaniva.com

На пачатку ліпеня ў Інгі раптоўна пачаў дрыжаць твар. Жанчына западозрыла інсульт. Аднак абследаванне прывяло да іншага дыягназу — пухліна галаўнога мозгу.

Дактары прызначылі аперацыю. За дзень да яе Інга расказала Most, як яе жыццё раптоўна змянілася і якое лячэнне чакае яе ў найбліжэйшы час.

Інга жыве ў Польшчы ўжо амаль шэсць гадоў — пасля выбараў 2020 года яна з'ехала туды разам з сынам. Жанчына працуе спецыялістам па легалізацыі і агентам па нерухомасці. Зараз яна выхоўвае дваіх дзяцей — чатырнаццацігадовага сына і пяцімесячную дачку.

Увечары 8 ліпеня Інга вярнулася дадому з дзіцем пасля вакцынацыі і адчула сябе дрэнна — у яе пачаў дрыжаць твар. Сям'я выклікала хуткую дапамогу, але да прыезду медыкаў стан стабілізаваўся.

— Спачатку я думала, што гэта інсульт, бо не магла ўсміхнуцца, — успамінае Інга.

Інсульт дактары выключылі. Аднак ужо на наступны дзень сімптомы вярнуліся.

— Я проста бачу, як мой твар пачынае дрыжаць, — расказвае яна.

Сын жанчыны пацвердзіў, што таксама гэта заўважыў. Інга зноў выклікала хуткую дапамогу. Паводле яе слоў, медыкі прыехалі літаральна праз некалькі хвілін: «адразу пачула, як загучалі сірэны».

«Знайшлі пухліну галаўнога мозга»

Дактары паведамілі Інзе, што ёй неабходна тэрмінова ехаць у бальніцу на абследаванне. У медыцынскіх дакументах пазначана, што ў жанчыны назіраліся парушэнне маўлення, апусканне левага вугалка рота, аслабленне мышачнай сілы левай рукі, а таксама скрыўленне мышцаў твару з левага боку.

Інгу даставілі ў аддзяленне неадкладнай дапамогі, паставілі катэтар, зрабілі неабходныя аналізы, увялі нестэроідныя прэпараты для купіравання прыступу і правялі МРТ галаўнога мозга.

— Па выніках тамаграфіі высветлілася, што ў мяне пухліна галаўнога мозга. Якая яна — дактары пакуль не ведаюць, — кажа Інга.

У Іспаніі за два тыдні вырасла радзімка і пачала крывавіць

Дактары палічылі пухліну аперабельнай — яна размешчана бліжэй да косткі. Пасля выдалення ўзор тканіны накіруюць на гісталагічнае даследаванне. Магчыма, пасля гэтага спатрэбіцца хіміятэрапія або імунатэрапія, расказвае Інга.

Справа ў тым, што летась падчас адпачынку ў Іспаніі яна заўважыла, што ў яе за два тыдні раптоўна вырасла вялікая радзімка, якая крывавіла і гнаілася. Яе выдалілі ў Барселоне.

Дадаткова жанчыне зрабілі МРТ і ультрагукавое даследаванне лімфатычных вузлоў. Іспанскія дактары настойвалі, каб яна засталася і прайшла поўнае абследаванне. Тады ўсе вынікі былі «чыстымі» — Інзе дазволілі вярнуцца ў Польшчу, але параілі стаць на ўлік у анколага і завесці карту радзімак.

Цяпер дактары не выключаюць, што пухліна можа быць метастазам раней выдаленай меланомы.

— Прафесар кажа, што, магчыма, радзімка і пухліна мозга неяк звязаныя паміж сабой. Але без гісталогіі дакладна нічога сказаць нельга, — адзначае Інга.

Акрамя МРТ галаўнога мозга, жанчыне правялі абследаванне ўсяго арганізма. Падазроных злаякасных утварэнняў не выявілі. Лекары звярнулі ўвагу на падстраўнікавую залозу, але анкамаркеры аказаліся ў межах нормы.

«Проста як жыць?»

Цяпер сям'я апынулася ў складанай фінансавай сітуацыі. Аперацыя будзе праведзеная па медыцынскай страхоўцы, але рэабілітацыя, кансультацыі ў прафесараў, якія хоча прайсці жанчына, і дадатковыя абследаванні могуць пацягнуць значныя выдаткі. Частку працэдур можна атрымаць бясплатна толькі пасля працяглага чакання ў чарзе па страхоўцы NFZ.

Калі беларуска зможа вярнуцца да працы, пакуль невядома — усё будзе залежаць ад вынікаў аперацыі. Муж таксама не можа выйсці на працу, бо даглядае пяцімесячнае дзіця.

— Проста як жыць? Не ведаю, што будзе далей — якой будзе рэабілітацыя і як увогуле выжыць, — кажа Інга.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула