Пункт «Кузніца» на польска-беларускай мяжы падключылі да новай хуткаснай дарогі
З 27 ліпеня польскі пункт пропуску «Кузніца» афіцыйна злучаны з новай чатырохпалоснай дарогай у напрамку Беластока. Цяпер пад'езд да мяжы стаў значна зручнейшым, паведамляе канал «Мяжа Польшча — Беларусь».
Чарга на ўезд на мяжу на новай трасе. Фота: BYgranica
На гэты момант пабудавана 15,8 км сучаснай дарогі ад КПП «Кузніца» да развязкі Сакулка. Далей, ад Сакулкі да Беластока, рух пакуль ажыццяўляецца па існуючай старой дарозе. Будаўніцтва ўсёй трасы працягваецца і завершыцца ў 2028—2029 гадах.
На месцы абслугоўвання падарожнікаў (MOP Wojnowce) у бліжэйшыя месяцы запрацуе сістэма буфернага чакання транспарту перад мяжой.
Тут падрыхтавана:
- больш за 800 месцаў для грузавых аўтамабіляў;
- 40 месцаў для транспарту з небяспечнымі грузамі;
- 210 месцаў для легкавых аўтамабіляў;
- 10 месцаў для аўтобусаў.
Падключэнне КПП да новай трасы значна паляпшае транспартную інфраструктуру на польскім баку мяжы. Пасля адкрыцця руху праз пункт пропуску «Брузгі — Кузніца» маршрут будзе гатовы да прыёму грузавога і аўтобуснага транспарту.