У Ваўкавыскім раёне пажарнікі ўратавалі поле з гарохам
У Ваўкавыскім раёне супрацоўнікі МНС ліквідавалі пажар збожжаўборачнага камбайна і не дапусцілі распаўсюджвання агню на большую частку поля з гарохам, паведамляе Упраўленне МНС па Гродзенскай вобласці.
Здымак ілюстрацыйны
Паведамленне пра ўзгаранне каля вёскі Мсцібава паступіла ў службу выратавання 26 ліпеня каля 15:03. Калі ратавальнікі прыбылі на месца, камбайн ужо быў цалкам ахоплены полымем. Акрамя таго, гарэў гарох на плошчы каля двух гектараў.
Да прыезду пажарнікаў работнікі гаспадаркі спрабавалі самастойна спыніць распаўсюджванне агню, але зрабіць гэта не змаглі.
Супрацоўнікі МНС аператыўна патушылі пажар. Удалося абараніць ад агню яшчэ 88 гектараў гароху, які заставаўся на корані.
У ліквідацыі пажару былі задзейнічаны чатыры адзінкі пажарнай тэхнікі.