БЕЛ Ł РУС

«Відаць, не вытрымалі нервы». Кубракоў заступіўся за таксіста-мігранта, які ўдарыў пасажырку

24.07.2026 / 16:21

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў выказаўся наконт канфлікту паміж кіроўцам таксі і дзвюма пасажыркамі ў Мінску, відэа якога 23 ліпеня шырока разышлося ў інтэрнэце.

Іван Кубракоў

Як раней паведамлялася, дзяўчына разам з сяброўкай папрасіла кіроўцу зрабіць музыку цішэй. Пасля гэтага паміж бакамі ўзнікла сварка, падчас якой кіроўца ўдарыў пасажырку далонню па твары.

Супрацоўнікі сталічнай міліцыі хутка ўстанавілі асобу кіроўцы. Высветлілася, што ён з'яўляецца замежным грамадзянінам, вучыцца ў адной з беларускіх вышэйшых навучальных устаноў і падпрацоўвае ў таксі. Паводле звестак МУС, мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся. Ён таксама заявіў, што дзяўчына адразу паведаміла яму, што з'яўляецца блогеркай.

«Аказваецца, усю дарогу, пакуль яны ехалі, яны здымалі гэтага хлопца на мабільны тэлефон, рускую мову ён не зусім добра ведае і некалькі разоў папрасіў прыбраць тэлефон. Пасля, відаць, не вытрымалі нервы, ударыў рукой — хацеў выбіць тэлефон», — расказаў Кубракоў.

Ён няўхвальна выказаўся пра тое, што замест неадкладнага звароту ў міліцыю па нумары 102 або праз чат-бот ведамства інфармацыя пра здарэнне спачатку была апублікавана ў інтэрнэце.

Таксама Кубракоў пракаментаваў шматлікія заклікі ў сацыяльных сетках пакараць кіроўцу, у тым ліку дэпартаваць яго або пазбавіць свабоды. Ён сцвярджае, што кожны падобны выпадак неабходна разглядаць індывідуальна і толькі пасля поўнага высвятлення ўсіх абставін.

Чытайце таксама:

Таксіста-мігранта, які ўдарыў беларуску, знайшлі

Таксіст-мігрант з Wildberries ударыў беларуску па твары — тая перад гэтым папрасіла зрабіць музыку цішэй

Кубракоў: Працоўныя мігранты ўжо размеркаваныя па прадпрыемствах

Кубракоў загадаў падначаленым актыўней змагацца з матацыклістамі

Каментары да артыкула