БЕЛ Ł РУС

На складах Wildberries згарэлі рэчы вядомай беларускай дызайнеркі

23.07.2026 / 12:49

Nashaniva.com

Дызайнерка Людміла Лабкова распавяла, што на складах Wildberries згарэла больш за пяць тысяч вырабаў яе брэнда.

Людміла Лабкова. Фота: інстаграм @ludmila_labkova_brand

«Форс-мажор на складах Wildberries закрануў і нас — некалькі партый, у якія мы ўклалі душу, зніклі за лічаныя гадзіны. Мы не можам вывезці рэчы са складаў — вы бачыце, што сёння (зварот запісаны 22 ліпеня. — НН) было падарвана яшчэ два. І мы разумеем, што мы згубім усё. Пакуль яшчэ нешта засталося на складах, я вас прашу, купіце сабе тое, што вам падабаецца», — заклікае дызайнерка прыхільнікаў яе творчасці.

Скрыншот: інстаграм @ludmila_labkova_brand

Тых, каму адзенне непатрэбнае, Людміла просіць усё роўна аформіць заказ і пасля вярнуць яго як брак.

«Тады рэч вернецца да нас на пункты выдачы і захаваецца да лепшых часоў».

Скрыншот: інстаграм @ludmila_labkova_brand

Людміла Лабкова займаецца модай амаль 25 гадоў, спецыялізуецца на адзенні для жанчын з натуральных матэрыялаў, у тым ліку — для памераў плюс-сайз. У 2018 годзе яна таксама рабіла парадную форму для беларускай дэлегацыі да зімовых Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі. На дадзены момант на сайце Wildberries даступная 181 адзінка рэчаў яе аўтарства розных памераў.

Пра тое, што іх тавары дагараюць на складах, падзяліліся і ў кампаніі Made4U, якая выпускае адрыўныя календары і падарункі.

Скрыншот: інстаграм @made4u.by

Беларускія кампаніі, якія сутыкнуліся з падобнай праблемай, па магчымасці пераходзяць на выгрузку выключна з беларускіх складаў і продаж на айчынных пляцоўках.

«Гэта будзе даўжэй па часе, але бяспечней», — загадзя папярэджваюць кліентаў.

Пацярпела і фірма Modum, якая захоўвала на складах Wildberries у Электрасталі і Катоўску траціну сваёй касметыкі. Закранулі атакі УСУ і дзясяткі іншых бізнэсаў.

Пры гэтым за 11 дзён да атакі маркетплэйс зняў з сябе адказнасць за магчымыя страты ад удару беспілотнікаў. Праўда, пакуль да канца няясна, ці закране гэта і прадаўцоў з Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула