Прэзідэнт Узбекістана звольніў пасла ў Беларусі «за абыякавае стаўленне»
Рахматула Назараў быў адпраўлены ў адстаўку за бяздзейнасць у пытаннях прыцягнення інвестыцый і развіцця экспарту. Пра гэта 21 ліпеня паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Узбекістана Шэрзод Асадаў, піша fergana.news.
Фота: Ont.by
Пра адстаўку Назарава «за абыякавае стаўленне да пытанняў інвестыцый і знешняга гандлю» абвясціў прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падчас нарады, прысвечанай вынікам працы органаў улады па развіцці эканомікі ў першым паўгоддзі гэтага года.
Пасаду пасла ў Беларусі з пачатку лютага 2024 года займаў Рахматула Назараў. Ён быў прызначаны за некалькі дзён да візіту Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан. Тады ўлады дзвюх краін дамовіліся рэалізаваць у 2024—2025 гадах экспартныя кантракты і інвестыцыйныя праекты на суму больш за 1 млрд даляраў.
У сакавіку 2026 года на сустрэчы з Лукашэнкам Назараў паведаміў, што ў 2025 годзе краіны амаль дасягнулі гэтай адзнакі і цяпер плануюць у найбліжэйшы час павялічыць тавараабарот да 2 млрд даляраў.
Шаўкат Мірзіёеў таксама выказаў незадаволенасць вынікамі працы паслоў Узбекістана ў Францыі, Аўстрыі, Іспаніі, Італіі, Амане, Інданезіі, Малайзіі і Сінгапуры.