Беларусь стала пастаўляць паліва ў Кыргызстан
Беларусь пачала пастаўляць паліва ў Кыргызстан, які сутыкнуўся з дэфіцытам нафтапрадуктаў пасля таго, як пад украінскія атакі трапілі расійскія НПЗ. Разам з Беларуссю дапамогу краіне аказвае і Кітай.
Фота: LookBy.Media
Па словах міністра энергетыкі Кыргызстана Алтынбека Рысбекава, першыя партыі беларускіх гаруча-змазачных матэрыялаў ужо прыбылі ў краіну, а яшчэ некалькі чыгуначных вагонаў знаходзяцца ў дарозе. Ён паведаміў, што пытанне транзіту праз тэрыторыю Расіі цалкам урэгулявана, а пастаўкі ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з падпісаным пагадненнем.
Кітай таксама ўжо накіраваў першую партыю паліва. Яна дастаўляецца ў Кыргызстан аўтамабільным транспартам. Каб паскорыць яе ўвоз, урад краіны даручыў дзяржаўным органам арганізаваць для такіх грузаў спрошчаны парадак праходжання мяжы.
Раней Кыргызстан значную частку паліва атрымліваў з Расіі. Аднак пасля парушэнняў паставак улады краіны пачалі шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Акрамя Беларусі і Кітая, разглядаліся таксама магчымасці імпарту з Казахстана, Азербайджана, Узбекістана і Туркменістана.
Для стабілізацыі сітуацыі Кыргызстан увёў часовую забарону на вываз паліва за межы краіны, а таксама спрасціў працэдуру яго ўвозу з-за мяжы.
Чытайце таксама:
Урад Расіі заявіў пра «частковую стабілізацыю» рынку паліва
Лукашэнка заявіў пра факты крышавання раскрадальнікаў паліва з боку сілавікоў