«Дарагія, весяліцеся, гуляйце і куралесьце. Няхай на старасць у вас будзе запас добрых перажыванняў». Апошні год Святланы Курс — у яе допісах
«Маё пасланне — кахайце май, свет не бачыў такога пекнага маю як сёлета. Няспешная, шырокая, панарамная вясна».
Святлана Курс апублікавала гэтае сваё фота за месяц да смерці, 21 чэрвеня, падпісаўшы «Маё Сонцастаянне». Фота тут і далей з яе фэйсбука
20 ліпеня 2026 года памерла беларуская пісьменніца Святлана Курс, вядомая таксама пад літаратурным псеўданімам Ева Вежнавец. Больш за год яна жыла з анкалагічным захворваннем. Пра дыягназ, лячэнне, страх, боль і нечаканую радасць ад кожнага пражытага дня Святлана расказвала ў фэйсбуку.
Яна дала свайму раку імя Джэсамі, прымала «хімію замест шампанскага», перажыла дзевяцігадзінную аперацыю, наноў вучылася хадзіць і радавалася беламу бэзу, дажджу, крыку свіргуля, добрым людзям і самой магчымасці быць «пры том» — прысутнічаць у жыцці напоўніцу.
Мы сабралі храналогію гэтага апошняга года — ад моманту, калі Святлана даведалася пра хваробу, да яе апошніх допісаў.
Святлана Курс у 2023 годзе. Фота: Pradmova
«Пасля адчаю прыйшла раўнавага»
Пра свой дыягназ Святлана Курс даведалася ўвесну 2025 года. Стадыя была тэрмінальная. Пазней яна напіша, што лекары давалі ёй максімум год жыцця, «хутчэй 6‑9 месяцаў».
Першая рэакцыя — адчай. Але амаль адразу пасля яго прыйшло іншае адчуванне:
«Пасля адчаю прыйшла раўнавага, я раблю ўсё ад мяне залежнае — бліскавічна хутка. Выпрабаванні такога роду выпадаюць чалавеку, і справа чалавека іх сустрэць спакойна і пакорліва. Ніякай містыкі, ніякага чорнага адчаю — цвярозая нармальнасьць, спакой, радасць ад людзей і жыцця. На двары май і чэрвень, яго бляску нішто не зацміць. Сонца нам дапаможа».
У гэты час для яе адкрылі збор на лячэнне. Святлана дзякавала людзям за грошы, дапамогу і парады. А сама, нават калі ляжала «дохлай анучачкай», працягвала сачыць за вайной. Навіна пра ўкраінскую аперацыю на расійскіх аэрадромах імгненна вярнула ёй сілы:
«Ляжала я сабе дохлай анучачкай, але прачытала пра аперацыю ГУР на оркскіх лётнішчах. І як успранула ракетаю да жыцця! Слава Украіне! Прагаласавала, паслухала стрыжоў. Павітала рознатраўе і шыкоўны, вялікі, пухнаты язмін».
Святлана пісала пра сваю настальгію:
«Мая настальгія па Беларусі такая глыбокая, што я яе не адчуваю і не заўважаю, пакуль не засну. А наяве яна праяўляецца, калі я пачытаю каментары на НН. Так, як жартуюць і сварацца беларусы, ніхто іншы ня ўмее, і гэта нармальна — люблю палякаў за тое, што яны палякі, а немцаў, бо яны немцы. Мне бракуе жыцця ў Беларусі, прыроды, вандровак, застолляў, сустрэч, і нават трасянкі. «Беларусь не заменіш нічым», дзякуй за яе».
Адначасова яна выразна адчувала сваё месца ў Еўропе:
«Хачу жыць, атаясамлівацца і памерці ў Еўропе. З яе іроніяй, вытанчанасцю, старасцю, пяшчотай, ранамі, з яе вывучанымі ўрокамі. Маё месца тут».
Лета 2025 года
«Цяпер справа ў руках медыцыны, Госпада і маіх жыццёвых сіл»
Перад пачаткам лячэння Святлана называла тое, што чакала яе наперадзе, бітвай:
«Гэта будзе бітва на некалькі месяцаў, год. Спецыялістаў мне прыраілі, а некаторых сама знайшла прыватна. З чыстым сумленнем магу сказаць, што я ў найлепшых магчымых умовах і руках. Кожнаму чалавеку ўдзячная за грошы, час, дапамогу ў кантактах, за інфармацыю, канкрэтныя абазнаныя парады. Вы моцна дапамаглі, сябры, мне нічога не бракуе. Цяпер справа ў руках медыцыны, Госпада і ў маіх жыццёвых сілах».
На сваёй старонцы Святлана збіралася пакінуць не нататкі пра лячэнне, а іншыя ўспаміны:
«Тут буду пісаць усялякую мілую сэрцу драбязу. Мой свет цяпер зрабіўся вельмі маленькі, як у 5‑гадовага дзіцяці, але і вялізны — як у пяцігадовага дзіцяці. Так прашу да мяне і ставіцца».
Гэты свет сапраўды адначасова звузіўся і зрабіўся бязмежным. У ім набылі значэнне дождж за акном, шум лісця, пах мокрай зямлі, фасон спадніцы, чужая ўсмешка, магчымасць самой дайсці да душа.
Верасень 2025 года
«Выжыву — прыўкрасна. Але калі дапамогуць зрабіць пераход — таксама някепска»
Пра магчымую смерць Святлана разважала спакойна, амаль будзённа:
«Мяне задаволіць любы варыянт. Выжыву — прыўкрасна, працягнуць мне жыццё — прыўкрасна, але калі мне дапамогуць зрабіць плаўны і безбалесны пераход — таксама някепска.
Я мела з вамі ўсімі цудоўнае супольнае жыццё ў цудоўна прыўкрасным, хаця грозным і бязлітасным месцы. Гэта самая страшная і чароўная казка, якую мне калі-небудзь расказалі, у дэкарацыі неба, дрэваў, птушак, змены пораў году — геніяльная выдумка гэтая змена пораў году! — сярод прыгожых гарадоў і самай закінутай «заброшкі». Сярод малых запыленых мясцовасцяў-задуп’яў па ўсім свеце. Сярод шэрых хат і сціплых палісаднічкаў з забытых кветак.
За патас перапрашаю, я не саромелася яго здаровая, ліла шчодраю рукою, а тым больш не пасаромлюся цяпер. Мне многае стала можна».
Хвароба прынесла і некалькі «піравых дароў»:
«Першы дар раку ў тым, што беларускія і ўкраінскія навіны не вырываюць болей кішок. У мяне ўжо ёсць галоўная навіна.
Другі дар у тым, што я магу паводзіць сябе як поўная інтравертка і асацыяльная сволач — без пачуцця віны.
Па-трэцяе, у мяне цяпер два гадаванцы — кот і рак. І ўвогуле піз**ец вызваляе. Але я нікому не жадаю такіх піравых дароў».
Рак з імем Джэсамі
Свайму раку Святлана дала імя Джэсамі. Яна размаўляла з ім і прапаноўвала своеасаблівую дамову:
«Я сказала яму, што забіваючы мяне так хутка, як у першыя месяцы, ён забіваў і сябе. Мы ж можам мець род каапэрацыі. «Ты не спяшаешся, расходуеш мяне павольна, знікаеш, затойваешся дзесьці малой клетачкай і потым вяртаешся. Мы так можам пацягнуць якісьці сэнсоўны час, Джэсамі». Я назвала яго Джэсамі, бо харошае імя і падхадзяшчы выпадак ім скарыстацца».
Пасля хіміі ў яе бывалі два «мядовыя дні» — час адноснай самастойнасці, калі можна было пагуляць па летнім горадзе і крыху прывесці да ладу занядбаны свет. Потым арганізм накрываў «ватны цяжар»:
«Свядомасць дрэмле, а боль невялікі, затое непрадказальны і разыходзіцца куды хоча, па ўсіх рэках і дарогах чалавечага цела. Так праходзіць 3‑7 дзён, а потым чалавек ачынаецца, нібыта яму свядомасць прамылі.
Верагодна, вам здасца, што я трохі не ў сваім розуме з-за хваробы. Але гэта ня так. Я заўжды была такой».
Святлана Курс (злева) разам з пісьменніцай Івонай Вежба. Кастрычнік 2025 года
Выжыць дзеля блакітнай спадніцы
У дні, калі стан дазваляў, Святлана слухала начны дождж і бегала ад акна да галерэі. Яе займала пытанне, чаму людзі прыдумалі так мала спосабаў святкаваць дождж.
Яшчэ нядаўна ў шпіталі яна бачыла ў акне толькі галіну вяза, якая гайдалася туды-сюды, як стрэлка. Тады ёй вельмі захацелася белай марлевай спадніцы да пят — лёгкай, з мноствам фальбонаў — і белых кедаў.
«Прама выжыць хацелася для такой спадніцы. І я яе купіла. Блакітную штопраўда. Мяту асфальты цяпер».
Жаданне дажыць да спадніцы не было дробяззю. З такіх рэчаў цяпер і складалася жыццё — не з вялікіх планаў, а з магчымасці выйсці ў летні вечар.
«Яшчэ два месяцы таму я думала, што ўжо ніколі ня ўбачу і не дасведчу лета. Аж вось яно! Людзі гуляюць уначы ў белым святочным адзенні, загарэлыя, смяшлівыя, легкадумныя. Ах, якое шчасце, якая радасць».
«Кап-кап, гаючая атрута»
Хімію Святлана называла гаючай атрутай:
«Кап-кап гаючая атрута. Хімія разбурае рак і мяне. На свеце ўсё амбівалентна, лагічна, і за ўсё даводзіцца плаціць. Ніхто не выйдзе з жыцця непакалечаным і без страт».
Яна спрабавала не ўцякаць ад рэальнасці нават з дапамогай абязбольвальных:
«Мне чамусьці ўсё падабаецца і ўсё задавальняе. Найлепшы спосаб жыць — у цвярозасці і прытомнасці. Быць «пры том», прысутнічаць напоўніцу».
Спачатку яе стан быў настолькі цяжкім, што яна не падыходзіла ні пад якое лячэнне. Потым доктарка сказала, што Святлана — «добры стаер»: вынікі паляпшаліся, і яна ўжо магла прэтэндаваць на аперацыю. Але разам з надзеяй прыйшла разгубленасць:
«Я не памерла, затое разгубілася. Што мне цяпер рабіць з сабой на гэтым раздарожжы? Ці купляць праязны на наступныя тры месяцы? А раптам не дажыву, шкода ж грошы марнаваць. Ці купляць паліто? Ці вяртацца да працы і грамадскай дзейнасці?
Адначасова я не хачу ведаць сваіх тэрмінаў — нашто мне гэта? Я не маю вялікіх мараў і жаданняў, не хачу крута змяняць лад жыцця, бо мне падабалася маё жыццё. Ёсць у гэтым нешта забаўнае, авантурнае, поўнае чараў і прыгоды. Чалавек ніадкуль, чалавек нідзе. Чалавек пасля канца свае гісторыі і сваіх уяўленняў пра сябе».
«Без валасоў, броваў і зубоў я ў жвавым настроі»
Хвароба змяняла яе цела. Святлана не хавала гэтага і не адмаўлялася ад гумару. Прызнавалася, што мела асаблівы страх — застацца без пярэдніх зубоў. Хімія моцна паўплывала на дзясны.
«Такое ўражаньне, што лёс вырашыў працягнуць мяне праз усе мае жахі і жашкі. Без валасоў, броваў і зубоў я чамусьці перабываю ў досыць жвавым настроі. Людзям бывае горш, яны церпяць моўчкі, а я хвалюся, хоць і шапялява».
Яна прасіла знаёмых не палохацца, калі сустрэнуць яе на вуліцы. Шкадавала, што цяпер нікога не пацалуе — «нават тэарэтычна». І здзіўлялася: менавіта ў гэты перыяд мінакі асабліва часта пыталіся ў яе дарогу.
Белая шапачка выдавала ў ёй анкапацыентку. Незнаёмыя людзі расказвалі свае гісторыі, плакалі, жадалі здароўя.
«Людзі глядзяць на нас, анкахворых, з палёгкаю, што не яны, з жахам і літасцю. Месца не саступаюць, збольшага каб не пакрыўдзіць. «Баішся? Я і сама нас баялася!» — хочацца сказаць ім».
І ўсё ж жыццё па-ранейшаму ўспрымалася як дар:
«Жыццё размазанага, небездакорнага, слабага чалавека мае свае гаркавыя радасці. Напрыклад, да яго ніхто не прад’яўляе патрабаваньняў і чаканняў. Ані ён сам не прад’яўляе сабе. Гэта аказалася немалой палёгкай».
Пасля шостай хіміі яна спачатку «ўся памерла», а потым пачала адраджацца па частках:
«Нібыта жывая вада праступала ўва мне і ажыўляла. Гэта такое пачуццё, немагчыма перадаць. «Як Пэрсэфона, я ўстаю і ажываю», — шаптала я сабе. Жыццё чалавека — таямніца, містэрыя і вечнае вяртанне».
«Голад па Пекнай Беларусі»
Нават у гэты час Святлана працягвала думаць, чым магла б быць Беларусь. У Варшаве яна ўбачыла людзей, якія чакалі спецыяльны «шапэнаўскі» трамвай. Двое пажылых мужчын жартавалі: «Шапэн даўно памёр, а гэтыя ўсё чакаюць!»
Святлана пазайздросціла палякам:
«Хачу, каб і мы маглі жыць такое ж жыцьцё дома. Купалаўскі трамвай, Сярэднявечны трамвай, Песняроўскі трамвай, Трамвай Міхала Анемпадзістава і ягоных Калядных Зайцоў. І фэстывалі, фэстывалі — спеўныя, танцавальныя, кулінарныя… Вялікі мой голад па Пекнай Беларусі».
Беларусь для яе была не лозунгам і не абстракцыяй. Гэта была магчымасць, каб таленавітыя землякі служылі ўласнай краіне, а не рэалізоўвалі сябе ў чужых парадыгмах.
Яна пісала пра нацыянальную тоеснасць як пра нешта глыбока асабістае. Назірала, як знаёмы гандляр з Коўна «ўспыхнуў ад радасці», калі пачуў літоўскае «ačiū», і рабіла выснову:
«Тым больш не разумею дурных і варожых наступаў на чужую тоеснасць і ненавіджу імпэрыі».
Падчас чарговай турбулентнасці яна трымалася за тое, што лічыла самым трывалым:
«Я заўжды хапаюся за свой дом, сваю нацыю, сваю сям’ю, сваю гісторыю. І мяне перастае трэсці. Народ — гэта лучнасць жывых, мёртвых і ненароджаных. Гэта вельмі трывалыя рэчы, іх абы-чым не вырваць».
«Чаму я і ненавіджу ўсё рускае»
Нянавісць да Расіі ў яе допісах была не выпадковай эмацыйнай рэакцыяй. Святлана працавала з дакументамі савецкіх рэпрэсіўных органаў і бачыла, як дзяржаўная машына нішчыла людзей. Яна расказвала пра рассакрэчаную СБУ справу: пасля прыходу савецкіх войскаў у мястэчка Злочаў НКВД арыштаваў 19— 20‑гадовых дзяцей польскіх чыноўнікаў і паліцыянтаў, абвінаваціў іх у «контррэвалюцыі» і расстраляў.
«Нібыта нічога новага, але там 183 старонкі справы, якая развіваецца, а я ведаю, што дзецям не будзе хэпі энду. І на нейкай старонцы я бачу іхныя вымучаныя фота. Абвінавачанне пачынаецца так: «Будучы патрыётамі былое польскае дзяржавы…» Чаму я і ненавіджу ўсё рускае. Яно несумяшчальнае ні з чым чалавечым».
У расстрэльных і катавальных дакументах НКВД яна бачыла яшчэ адну форму пагарды: імёны ахвяр, геаграфічныя назвы і даты пісаліся абы-як. 18‑гадовы Аляксандр Дамарацкі быў расстраляны пад чатырма прозвішчамі, 17‑гадовы Стах Вечарок — пад трыма.
«Гэта юрыдычна нікчэмныя дакумэнты, паводле якіх забівалі. Страшная пагарда. Рускі мір».
Успамінаючы Галадамор, Святлана расказвала пра словы сваёй бабкі — пра ўкраінцаў, якія паміралі на беларускіх дарогах і парогах:
«Здарожаныя шкілеты, якія ўжо не маглі травіць ежу. Цяжкія рахункі мы і ўкраінцы маем да Расеі, такія рахункі зацягнуць яе за шыю ў балота. Вечная памяць мёртвым; вечная памяць няхай смыліць у жывых, як бы яе не зацірала расейшчына і яе подлыя служкі».
І адначасова разумела, наколькі моцным і небяспечным пачуццём з’яўляецца нянавісць:
«Нянавісць — вельмі важнае пачуццё і з ім трэба абыходзіцца ашчадна, як з якой амбрай бясцэннай. Нянавісць вельмі моцнае рэчыва, калі ім карыстацца налева-направа, яно вам бялок у крыві зверне».
«Прымаю хімію замест шампанскага»
У дзень яе нараджэння, 9 студзеня, калі іншыя маглі б падарыць ёй нешта асабістае, Святлана прымала хімію:
«Прымаю хімію замест шампанскага. Побач са мной мілая спадарыня Ганна, каляжанка па хваробе, сяброўка па фэйсбуку. Чытае забыла каторага філосафа. Усім дзякуй за віншаванні, усіх цалую, настрой шампанскі і нават гуллівы».
Замест падарункаў яна прасіла перавесці грошы тым, хто абараняе Украіну:
«Усіх, хто хоча — і можа! — мне зрабіць падарунак, прашу адправіць дар мужчынам і жанчынам, якія бароняць нас ва Ўкраіне. Слава Ўкраіне».
Для яе вайна не была навіной, якая існавала асобна ад уласнай хваробы. Яна пісала, што жыццё «малых звычайных людзей» магчымае толькі ў здаровай дэмакратыі, пры захаванні права і законнасці.
«Вось што ў нас хочуць адабраць — самое жыцьцё ў свабодзе, дабрабыце, справядлівасці. Супраць нас тыя, каму нічога не пагражае, і для іх нашыя жыцці — пучок за грошык.
У Бібліі ёсць цудоўная гісторыя пра Давіда і Галіяфа. Там фігуруе прашча. То бок дрон. А дроны ЗСУ мы можам падсунуць пад руку».
Дзевяць гадзін аперацыі
Перад сур’ёзнай аперацыяй Святлана напісала, што Джэсамі «шчодра раскінуў свае клюшні». Яна клалася на аперацыйны стол «са страхам, надзеяй і ўдзячнасцю».
«Пажылая медсястра сказала мне: «Я ніколі не бачыла, каб хтосьці так выглядаў у выпадку пані. Мабыць, за пані моліцца хтосьці выключны». А я ведаю, хто. Вы, мае цудаправоднікі».
Аперацыя працягвалася дзевяць гадзін. Кіраўніца лячэння назвала яе «гераічнай». Праз дзесяць дзён боль адступіў, і Святлана пісала з настроем «зачараванай вандроўніцы»:
«Мне падабаецца ўсё, асабліва маё цела, перакрэсленае ўздоўж тонкай лініяй, як у Арлекіна. З удзячнасьцю развіталася са сваёй маткай — калыскай майго адзінага цудоўнага дзіцяці. Матка мне нагадвае валынку альбо дуду, гэты інструмэнт творыць музыку самога Жыцця».
Пасля гэтага Святлана задумалася, ці не знікла разам з органам здольнасць захапляцца мужчынамі. Адказ прыйшоў у аўтобусе, куды зайшоў мужчына «прыўкрасны як сама любоў» — за пяцьдзясят, патрапаны жыццём і жанчынамі, але жвавы і бойкі, у прыгожым шаліку.
«Маё сэрца ўзмыла ракетай, і я зразумела, што ўсё на месцы, а сталася яшчэ лепей, бо рак забраў у мяне лішняе — пастаянны страх і трывогу за дробязі і за рэчы, якія ад мяне не залежаць».
Мая будучыня ўсё яшчэ вельмі няпэўная. Але цяпер я з нецярпеннем, даверам і радасцю аднаўляюся і выходжу жыць».
З літоўскім перакладам «Па што ідзеш, воўча?». 26 лютага 2026
«Мы, можна сказаць, у адным ложку»
Перад Калядамі Святлана сустрэла ў сенцах крамы бяздомнага мужчыну. Ён папрасіў булачку «і да булачкі». Яна купіла хлеб і шмат каўбасы: падумала, што, калі б сама была бяздомнай, ёй хацелася б «пятліцу «Падвавэльскай»».
— Я бяздомны, — сказаў мужчына.
— А я хворая на рак.
— Скажы сваё імя, то вечарам памалюся.
— Света. Я беларуска. А тваё? Бо і я ўмею маліцца.
— Марэк. Мы, можна сказаць, у адным ложку.
— Так! — засмяялся Святлана.
Потым яна напісала:
«У нашым з Маркам стане ўжо ніхто не выкаблучваецца і лішняга не гаворыць. І менавіта там пачынаецца самае простае і важнае».
Напрыканцы года яна падсумавала тое, што зразумела за час хваробы. Падчас аперацыі ў яе спынялася сэрца, і цяпер Святлана сцвярджала:
«Смерці і нябыту няма. Ёсць чаканне, як перад закрытай заслонай у тэатры. Даверлівая цішыня, поўная маўклівага, стрыманага дабра».
Класічную літаратуру яна назвала «ценем Бога на зямлі». Рамантычнае каханне — моцна пераацэненым, бо існуе іншае. Людзей заклікала не прыніжаць:
«З людзьмі трэба абыходзіцца паважна, негвалтоўна і акуратна. З усімі людзьмі, нават найгоршымі. Няма нічога горшага, чым страх, фальш і хлусня. Магія і радасць неабходныя, без іх не выжывеш».
Яна выйшла прагуляцца, падслухоўвала размовы людзей у цёмных дварах і раптам адчула:
«Я адчуваю сябе здаровай упершыню за многа-многа часу. І я б нічога не мяняла. Хачу жыць проста жыццё сярод проста людзей. Гэта, аказваецца, прывілей і шчасце».
«Недзе ў сэрцавіне застаюся дзяўчынкай»
Падчас хваробы Святлана не перастала ўглядацца ў людзей. Асаблівае месца ў яе допісах займалі жанчыны — маладыя і старыя, моцныя і ўразлівыя, смешныя, прыгожыя, недасканалыя.
Назіраючы за ролікамі, у якіх стылізуюць жанчын сярэдняга веку, яна абуралася нязручнасцю: вузканосыя туфлі на шпільках, шырокія касцюмы, мноства караляў, рамянёў, хустак і маленькая торбачка.
«І ўсё, хадзі так, сачы каб уся гэта машынэрыя хораша ляжала. Аж здрыганаюся ад нязручнасці. Лепей жыць для сябе, чым ладзіць свята вачэй іншым. Але вельмі мне цікава. А яшчэ абажаю глядзець, хто што ўварваў у сэкандзе».
Але старасць яна не рамантызавала:
«Старасьць паскудная штука і для разважных, і для шалёных. Але разважныя могуць яе неяк прыспасобіць. Знайсці сэнс».
Сама яна параўноўвала сябе са старым дрэвам:
«Я як старое дрэва, што мае ў сабе колцы і сэрцавіну, недзе ў той сэрцавіне застаюся дзяўчынкай, дзяўчынай. Горне мяне да маладых жанчын, прыглядаюся да іх з любасьцю, гордасцю і надзеяй».
«Звычайнае жыццё і ёсць паэзія»
У 2026‑м яе старонка зноў напаўнялася гарадскімі сцэнкамі. Святлана хадзіла ў паліклініку, пляткарыла ў чарзе, слухала чужыя скаргі, рабіла «мікразакупы» ў маленькіх крамах, карміла вераб’ёў сланечнікам.
«Цяпер я тая самая пажылая жанчына, якая пільнуе чаргі ў паліклініцы! Гэта настала раптам. І што я вам скажу? Гэта цудоўна. Ваша карэспандэнтка са свету хварэньня і старэння».
Яна змагалася за ўвагу сініц і вераб’ёў — і ўрэшце перамагла: яны палюбілі яе семкі і сала.
З радасцю заўважыла на вуліцах гарадскія ровары — «прыкладна як прылёт буслоў». Разглядала кляновае насенне і стаптаныя цені леташніх лістоў.
«Ну і што што шэра, ну і што што холадна, ну і што што вайна і выгнанне. Вясна. Вясна! Мая вясна, я да яе дажыла і цешуся».
У цёплы дождж яна слухала шпакоў і пякла міндальную булку:
«Ідзе цёплы буйны дождж, пахне свежай зямлёй, травой, пакропленым пылам. Рассвісталіся новапрыбылыя шпакі. Я спякла міндальную булку.
Звычайнае жыццё і ёсць паэзія. Вельмі шкада, што на свеце столькі злыдняў і карчоў, якія стараюцца адабраць яго ў людзей».
У Кампіноўскай пушчы яны з сынам абмяркоўвалі, як ён будзе жыць пасля яе смерці, з чаго пачнуць рамонт і ці не будзе ім нудна ў раі. Святлана прызналася, што вечнасць яе палохае — раптам гэта вечная пастка. Сын адказаў, што нуда ўласцівая псіхіцы смяротнага чалавека, а «потым» псіхіка будзе іншай.
— Паглядзі ты, — сказала яна, — якая ў нас галоўная праблема!
«Найвялікшую моц, веру і шчасце даюць мне прыватныя, камерныя сустрэчы і адносіны. Беларусь жыве ў кожным чалавеку і ў садружнасці маленькіх супольнасцяў, дзе адбываецца самае важнае, незнішчальнае. Мой дарагі сябра піша мне з Балівіі і Перу, шле фоткі нібыта не з гэтага свету, мая сяброўка хадзіла са мной купляць кветкі і панэтонэ, а вечарам у маленькай калоніі з чырвонай цэглы я сядзела ў глыбокім мяккім фатэлі, пагрузіўшыся ў яго па вушы, ля кафлянай печы і слухала, як спадары і спадарыні з беларускай тэатральнаяй студыі, сеўшы ў колца, чыталі п'есу па ролях.
Колькі ж у гэтым радасці».
Фота з балкона Святланы Курс
«Цішыня, самотнасць, пераадоленне і змаганне»
Працяглая хвароба ўсё ж адразала ад звыклага жыцця. Святлана адмяняла большасць сустрэч і мерапрыемстваў, бо моцна залежала ад стану. Не магла шмат гаварыць і эмацыйна ўключацца так, як раней.
«Я нават прызвычаілася да слова «змаганне», хаця яно здавалася мне занадта вымагальным і непрыкладальным да штодзённасці. Але гэта менавіта так: цішыня, самотнасць, пераадоленне і змаганне, бо ніхто не можа мне спадарожыць у гэтай дзёрзкай і рызыкоўнай прыгодзе. Мне цікава».
Тым не менш яна працягвала працаваць. З захапленнем атрымлівала архіўныя дакументы, у якіх ажывалі людзі, рэаліі і краявіды мінулага. Атрымала медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» і адразу ж прымяншала ўласныя заслугі:
«Я зусім не напрацавалася і плёну сабрала з дзве жабіныя прыгаршчы, да таго ж усё што для Беларусі — не праца, а прыемнасьць і крэўны покліч».
«Я выжыла, я ўстала»
У красавіку, праз год пасля дыягназу, здароўе Святланы зноў абрынулася. Страўнік і сэрца адмовілі. Яна тыднямі не магла есці, яе ванітавала некалькі разоў на суткі. Кроў не маглі ўзяць з чацвёртай, часам з шостай спробы. Прайсці яна магла ад пяці да пяцідзесяці метраў. Але потым у сэрцы ўзнялася «нейкая высокая светлая хваля»:
«Я слухала блізкіх, лекараў, але ведала, што падняцца магу толькі сама».
Яна пералічвала ўсё, што яе падымала: «энергія цы» ад Юлі, квашаныя памідоры ад Марыны, кветкі ад Вікі, падтрымка сына, Фрэдзі Мерк’юры, Леанард Коэн, Джоні Кэш, Барыс Грабеншчыкоў, начны спеў птушак, кропельніцы, «базавы давер да свету». І сушаная ялавічына:
«Я неяк інстынктыўна здагадалася, што джэркі маё ратаванне».
У адзін з гэтых страшных дзён яна правяла сустрэчу ў кнігарні «Букіністка». Бо вельмі хацела. Выпіла трамадол і пайшла.
А потым настаў дзень, калі арганізм упершыню не адкінуў ежу і яна сама дайшла да душа.
«Як жа я рада ўсяму! Я выйшла на балкон, на крэселка, з гарбатай і драбком горкай чакаляды. Зноў жывая, зноў усміхаюся сонцу, і зеляніне, і фар-ніэнце, беламу бэзу, людзям, якія ідуць унізе ў лёгкіх светлых убраннях».
Яна замовіла карбонавыя палкі і спадзявалася зноў пачаць хадзіць.
«Я выжыла, я ўстала, ня ведаю каторы раз, не ведаю ці надоўга, але мяне проста распірае радасць. І трэба цалкам змяняць гардэроб».
Яна моцна схуднела і называла сябе «зеленаватым вясёлым шкілетам», які танчыць danse macabre. Успамінала бабку, якая сядзела на ганку, жмурылася на сонца і казала: «Мне, наверна, ужо піз**ец!» — і ад гэтага Святлане рабілася весела.
Напрыканцы допісу яна пакінула адзін кароткі сказ:
«Я веру настолькі, што не баюся».
«Маё пасланне — кахайце май»
Неўзабаве яна зноў апынулася ў шпіталі. У палаце побач з ёй ляжалі аднагодка Святлана з Запарожжа і 83‑гадовая пані Бажэна з кароткімі белымі кучарамі і акулярамі ў залатой аправе. Святлана з пані Бажэнай размаўлялі па-польску, украінка ўсё разумела і адказвала па-ўкраінску.
«Мы знайшлі агульную мову, неабходную, дастатковую, без балбатні. Нічога лішняга, змрочнага, абавязковага. Пэрсанал такі ж, польска-ўкраінска-беларускі».
З акна шпітальнай палаты яна працягвала назіраць за жыццём. Бачыла, як старэнькая жанчына, якая баялася ўколаў, ціха памерла раніцай на ложку каля акна, у сонечным святле.
«Прыйшлі родныя, скалыхнуўся і апаў ціхенькі плач, развесілі прыгожую бледна-лазуровую плахту. Прыгожа і паважна ўсё было».
Вярнуўшыся дадому, Святлана паспела развітацца са сваёй коткай Лёляй, якая пражыла амаль 18 гадоў.
«Я дома. Паспела акурат, каб развітацца з Лёляй, якая памерла самурайскай смерцю. Сляпая, напаўпаралізаваная, спачатку пабіла некалькі варон на галерэі, потым некалькі вэтэрынараў і спачыла горда і спакойна на 18 годзе жыцця, трыманая за гераічную шэрую лапу. Гэта быў маленькі шэры леў з неўтаймоўным і дзікім сэрцам».
Котка Лёля памерла 24 траўня 2026 года
Сама Святлана была жывая, але вельмі стомленая. Яе «часапрасторай» сталі кватэра і блізкія. Яна дзякавала людзям за фінансавую «падушачку бяспекі», на якой цяпер магла адпачываць. І перадавала галоўнае:
«Маё пасланне — кахайце май, свет не бачыў такога пекнага маю як сёлета. Няспешная, шырокая, панарамная вясна.
Таксама хачу зазначыць, што найбольш мяне радуе музыка Яна Цьерсэна і прыўкрасныя сымфанічныя фаер-шоў ЗСУ».
«Дзякуй Богу, што я ў садзе»
У апошніх допісах хвароба ўжо не хавалася за жартамі. Хімія, аперацыя і моцныя прэпараты давялі Святлану да напаўляжачага стану. У шпіталі аднаўлялі водны і кіслотна-шчолачны баланс. Яна прасіла без вострай патрэбы не тэлефанаваць і не пісаць. Але працягвала глядзець чужыя гісторыі:
«Вашых каханых, радзіны, дзяцей, сабак, катоў, сады, кветкі, хобі і падарожжы, здзяйсненні разглядаю з прыемнасьцю. Сама ўжо зноў раблю гімнастыку, хаджу, чытаю, скролю».
«Некаторыя рэчы ўва мне таркаю не здзярэш. Я пастарэла, збрыдла, ззелянела як казляк і мне пагражае стан кахексіі, але як жа я страшэнна рада, што схуднела на 28‑30 кг і мая гордая вага цяпер 62 кг. Павінна ж быць і ў зайца радасць».
Яна па-ранейшаму бачыла палітыку нават у тым, як горад абыходзіцца з раслінамі:
«Дэндралягічна-кветкавая палітыка Варшавы вельмі класная. Уводзяцца новыя гатункі раслін, не характэрных для нашых шыротаў, новавыведзеных, новаадкрытых. Горад квітнее, водары ашаламляльныя. Паўсюдна, да прыкладу, вістэрыі, магноліі, новыя віды дэкаратыўных ядлоўцаў, якія пахнуць акіянічным мускусам, жывельна рэзка і свежа. Як у Батанічным садзе. Сёння я прагулялася ад мэтро Свентакшыска і засталася вельмі, вельмі задаволеная.
Пры дэмакратыях дрэвы і кветкі галубяць, пры дыктатурах знішчаюць, выпростваюць і калечаць. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне. Усё павінна нагадваць турэмны ці вайсковы плац, адкуль нельга ўцячы нават думкай.
Дзякуй Богу, што я ў садзе.
Дрэва — сымбаль жыцця і свабоды, а таксама прыватнай чалавечай утульнасці. Колькі каханняў узнікла пад пышнымі, міласэрнымі, ахоўнымі шатамі дрэваў! Пад танкамі і ільічамі — ніводнага».
Пра смерць Святлана пісала без лішняй трагічнасці, і іншых заклікала жыць гэтак жа, як жыла сама: весяліцца, гуляць і куралесіць, назапашваць добрыя перажыванні.
«Дарагія, весяліцеся, гуляйце і куралесьце. Няхай на старасць у вас будзе запас добрых перажыванняў і святло вашага аптымізму, якое будзе ззяць нават тады, як вашая маладосць і спраўнасць памахаюць ручкаю.
Нічога не бойцеся. Хваробы і смерць даюць тую літасць, што адбіраюць радасць жыцця і цягу да яго. Вы будзеце хацець толькі спаць, а апрача ложка вас не будзе цікавіць нішто — ані каханне, ані вясна, ані ежа, ані навіны. І толькі блізкіх робіцца шкада — за што ім гэта. Хто даўно жыве — той абавязкова памрэ; нашто нам лішняя трагічнасць.
Там, дзе далі рады іншыя, дасі і ты. Усё адно гэта быў бясплатны дар, а доранаму каню ў зубы не зазіраюць».
Яна называла жыццё бясплатным дарам, які аднойчы давядзецца вярнуць. Аднак да самага канца не пераставала заўважаць, што гэты дар складаецца з белага бэзу, лёгкіх убранняў, птушыных галасоў, смешных старых жанчын, добрых дзяўчат, кніг, Беларусі, дажджу, сушанай ялавічыны і магчымасці яшчэ раз падняцца.
«Я выжыла, я ўстала, ня ведаю каторы раз, не ведаю ці надоўга, але мяне проста распірае радасць».
Чытайце таксама:
Смерць, траўма і хрумсткая капуста. Пра што гаварыла Святлана Курс на сустрэчы з беларусамі ў Вільні
«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай