БЕЛ Ł РУС

Чаму ў Мінску сохнуць дрэвы і што з гэтым спрабуюць рабіць

20.07.2026 / 16:09

Nashaniva.com

У Мінску дрэвы часцей за ўсё засыхаюць праз неспрыяльныя ўмовы гарадскога асяроддзя. Як адзначае намесніца генеральнага дырэктара па ўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянбуда» Кацярына Кароткіна, асноўнымі прычынамі становяцца забруджванне і засаленне глебы, а таксама недахоп месца для развіцця каранёвай сістэмы, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Асабліва складана дрэвам, якія растуць уздоўж буйных магістраляў. Там іх карані знаходзяцца ў абмежаванай прасторы, што робіць расліны больш уразлівымі да негатыўнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя.

На стан дрэў таксама ўплываюць засухі, замаразкі, супрацьгалалёдныя рэагенты, высокія тэмпературы над інжынернымі камунікацыямі, падтапленні пасля моцных дажджоў і асфальтавае пакрыццё, якое перашкаджае паступленню паветра і вільгаці да каранёў.

Для захавання зялёных насаджэнняў у горадзе рэгулярна аглядаюць дрэвы, правяраюць стан глебы, прамываюць яе ад назапашаных соляў, паліваюць расліны, апрацоўваюць іх ад шкоднікаў і хвароб, а таксама ўносяць угнаенні. Узімку камлі абараняюць ад солі спецыяльным матэрыялам, а летам ставяць ахоўныя шчыты, каб не пашкодзіць кару падчас скошвання травы.

Асаблівая ўвага надаецца маладым дрэвам і насаджэнням уздоўж асноўных вуліц і праспектаў.

Калі дрэва цалкам загінула або ўяўляе небяспеку для людзей, яго выдаляюць у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Самавольна спілоўваць дрэвы або пашкоджваць кустоўе забаронена — за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Чытайце таксама:

Азіяцкі жук-забойца прайшоў праз Расію і Украіну да Еўропы. Яго ўжо выявілі ў Беларусі — пад ударам ясені

Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін

У Гомелі заўважылі «кропельніцы» на дрэвах у парку. Навошта яны патрэбныя?

У Мінску масава хварэюць каштаны. У чым прычыны і ці можна што з гэтым зрабіць?

Каментары да артыкула