Жыхары Стаўрапаля пілі з унітазаў, каб выйграць грошы
Такі конкурс арганізаваў брэнд сантэхнікі, піша канал «Осторожно, новости».
Конкурс пад назвай «Гульні прастолаў» зладзіў расійскі брэнд сантэхнікі. Мясцовым жыхарам паабяцалі 100 тысяч рублёў (каля 1300 даляраў) за перамогу ў конкурсе.
На першым этапе трэба было піць з унітазаў на хуткасць — у гэтым выпрабаванні перамог малады чалавек, які выпіў «безалкагольны пеністы напой з чашы ўнітаза» (брэнд таксама апублікаваў фота шчаслівага пераможцы з грашыма ў руках).
Пасля гэтага арганізатары перайшлі да другога выпрабавання: сем чалавек павінны былі як мага даўжэй прасядзець на ўнітазах з закрытымі вечкамі.
Праз дзесяць гадзін з конкурсу выбылі толькі два ўдзельнікі. Астатнія працягнулі барацьбу за грашовы прыз, заявілі прадстаўнікі брэнда EvaGold, якія таксама размясцілі рэкламу гэтай падзеі ў гарадскіх пабліках.