На Прыпяці толькі цудам выратавалі ад смерці падлетка
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 16 ліпеня на Прыпяці ў Столінскім раёне, піша Таварыства ратавання на водах.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле інфармацыі ратавальнікаў, падчас купання падлетак 2009 года нараджэння раптам пачаў тануць. Ён знаходзіўся прыкладна за 25 метраў ад берага, а глыбіня ў гэтым месцы складала каля 2,5 метра.
Хлопца заўважыла яго сястра, якая ў гэты час плавала разам з мужам на сапбордзе. Мужчына адразу кінуўся яму на дапамогу, даплыў да падлетка, выцягнуў яго з вады і часткова змясціў на сапборд, пасля чаго даставіў на бераг. На той момант хлопчык быў без прытомнасці.
На беразе падлетак прыйшоў да прытомнасці. Людзі, якія сталі сведкамі здарэння, выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі пасля агляду даставілі яго ў рэанімацыю бліжэйшай бальніцы.