Яшчэ адзін выклік для нямецкай эканомікі: праз спёку крытычна абмялеў Рэйн
З-за працяглай спёкі і засухі ўзровень вады ў Рэйне зноў знізіўся да крытычна нізкай адзнакі. Гэта ўжо прывяло да падаражання і запаволення грузавых перавозак па адной з найважнейшых унутраных водных артэрый Еўропы, паведамляе Bloomberg.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Рэйн адыгрывае ключавую ролю ў эканоміцы Германіі і ўсёй Еўропы, бо па ім транспартуюцца вугаль, нафта, хімічная сыравіна і іншыя масавыя грузы. Зніжэнне ўзроўню вады ўскладняе суднаходства: караблі не могуць загружацца ў поўным аб'ёме, таму для перавозкі таго ж аб'ёму грузаў патрабуецца больш суднаў, а лагістычныя выдаткі павялічваюцца.
Сітуацыя ўжо закранула буйныя нямецкія кампаніі. Металургічны канцэрн Thyssenkrupp на заводзе ў Дуйсбургу быў вымушаны адмовіцца ад выкарыстання ўласных баржаў і перайсці на судны, якія могуць працаваць на мелкаводдзі. Хімічная кампанія BASF павялічыла колькасць суднаў, якія выкарыстоўваюцца для перавозак, паколькі кожнае з іх цяпер можа ўзяць значна меншы груз.
Праблема пагаршае і без таго складаную сітуацыю ў эканоміцы Германіі. Урад краіны спрабуе вывесці яе са шматгадовай стагнацыі за кошт павелічэння інвестыцый у інфраструктуру і абарону. Аднак у красавіку прагноз эканамічнага росту на 2026 год быў зніжаны да 0,5 працэнта, у тым ліку праз негатыўны ўплыў канфлікту на Блізкім Усходзе.
Аналітыкі адзначаюць, што наступствы могуць адчуць і іншыя краіны, цесна звязаныя з нямецкай прамысловасцю. У прыватнасці, скарачэнне заказаў ад нямецкіх прадпрыемстваў можа прывесці да зніжэння вытворчасці ў Венгрыі, якая інтэграваная ў еўрапейскія вытворчыя ланцужкі.
Сёлета сітуацыю ўскладняе і тое, што адзін з асноўных чыгуначных маршрутаў для грузавых перавозак уздоўж правага берага Рэйна закрыты на рамонт. У выніку магчымасцяў для пераразмеркавання грузапатокаў стала яшчэ менш.
Павелічэнне транспартных выдаткаў можа стаць дадатковым фактарам росту інфляцыі ў Еўропе менавіта ў той час, калі Еўрапейскі цэнтральны банк разглядае магчымасць далейшага павышэння працэнтных ставак.
Паводле ацэнак экспертаў, толькі нізкі ўзровень вады ў Рэйне можа павялічыць інфляцыю ў Германіі прыкладна на 0,2 працэнтнага пункта. Аднак у спалучэнні з уплывам засухі на ўраджай і цэны на прадукты харчавання агульны эканамічны эфект можа быць значна больш сур'ёзным.
Чытайце таксама:
Бясплатны начлег і ШІ замест гіда. Беларуска праехала тры краіны Еўропы за 16 дзён і €900
Самая шчаслівая краіна ў свеце апынулася ў лідарах па смяротнасці ад наркотыкаў
Упершыню за больш чым 25 гадоў з Германіі ў Польшчу пераязджае больш людзей, чым наадварот