У Мінск прыляцеў абаронца «Манчэстэр Сіці» Хусанаў
Некалькі гадоў таму ён правёў сезон у мінскім «Энергетыку-БДУ» (сёння — «СКА-1938»).
Сяргей Кавальчук і Абдукадыр Хусанаў (трымаюць майку), справа ад іх Анатоль Юрэвіч (у аранжавым пола).
Абаронца зборнай Узбекістана і англійскага «Манчэстэр Сіці» Абдукадыр Хусанаў прыляцеў у Мінск. Як паведамляе прэс-служба СКА-1938, футбаліст сустрэўся з міністрам спорту Беларусі Сяргеем Кавальчуком.
Раней агент Хусанава Гайрат Хасбіулін анансаваў візіт футбаліста ў беларускую сталіцу для сустрэчы з Анатолем Юрэвічам, які, дарэчы, таксама прысутнічаў на мерапрыемстве ў Міністэрстве спорту, піша football.by
Паводле слоў самога цэнтральнага абаронцы, беларускі спецыяліст аказаў значны ўплыў на яго прафесійнае развіццё ў той перыяд, калі ён выступаў за «Энергетык-БДУ» ў 2022—2023 гадах.
Адбукадыр Хусанаў прыехаў у Беларусь у 2022 годзе ў 18‑гадовым узросце і сезон правёў у «Энергетыку», у ліпені 2023 года ён перайшоў у французскі «Ланс», а праз два гады перабраўся ў топавы «Манчэстэр Сіці», дзе стаў гульцом асновы.