У Абу-Дабі будуюць «востраў здароўя» коштам 11 мільярдаў долараў
Жылы раён спраектаваны так, каб зрабіць фізічную актыўнасць натуральнай часткай штодзённага жыцця.
Праект забудовы вострава Фахід. Фота: Aldar Development / CNN
На востраве Фахід у Абу-Дабі да 2029 года плануюць стварыць новы жылы раён больш чым на 6 тысяч дамоў і кватэр. Як піша CNN, яго галоўная асаблівасць — не раскошная нерухомасць, а гарадское асяроддзе, спраектаванае так, каб заахвочваць людзей да больш здаровага ладу жыцця.
Праект коштам 40 мільярдаў дырхамаў ААЭ (каля 10,9 мільярда долараў) рэалізуе кампанія Aldar Development, якая належыць ураду Абу-Дабі. Забудова зойме тэрыторыю плошчай каля 2,7 мільёна квадратных метраў паміж раёнамі Яс і Саадыят.
Ідэя такога праекта грунтуецца на канцэпцыі так званай «архітэктуры добрага стану» (wellness architecture), якая прадугледжвае праектаванне будынкаў і гарадской прасторы такім чынам, каб яны спрыялі фізічнаму, эмацыйнаму і псіхічнаму здароўю чалавека.
Камп'ютарная візуалізацыя аднаго з жылых кварталаў вострава Фахід. Фота: Aldar Development / CNN
Навуковыя даследаванні сапраўды паказваюць, што асяроддзе, у якім жывуць людзі, можа ўплываць на іх здароўе. Апублікаванае сёлета даследаванне навукоўцаў Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (MIT) паказала, што жыхары раёнаў, дзе зручна хадзіць пешшу, шмат зялёных зон і добра развітая грамадская прастора, у сярэднім маюць лепшыя паказчыкі фізічнага і псіхічнага здароўя.
Сярод найбольш спрыяльных элементаў гарадскога планавання даследчыкі называюць кароткія кварталы, зручную сетку вуліц, паркі і разнастайнасць аб'ектаў у пешай даступнасці.
Камп'ютарная візуалізацыя. Фота: Aldar Development / CNN
Будаўнікі вострава Фахід плануюць дасягнуць гэтых мэтаў закладкай у цэнтры вострава парку працягласцю 10 кіламетраў. Тут з'явяцца бегавыя дарожкі, тры веламаршруты і зоны адпачынку. Парк таксама будзе аддзяляць жылыя кварталы ад пляжаў і мангравых лясоў, выконваючы ролю візуальнага і гукавога буфера.
Уздоўж 11‑кіламетровай берагавой лініі пабудуюць тры жылыя комплексы — ад шматкватэрных дамоў да вілаў. Жылыя кварталы злучыць сетка пешаходных маршрутаў агульнай працягласцю 15 кіламетраў. Больш за 70% дарожак будуць знаходзіцца ў цені, што павінна зрабіць перамяшчэнне пешшу больш камфортным нават у сквар.
На востраве таксама адкрыецца філія брытанскай прыватнай школы King's College School Wimbledon. Забудоўшчык заяўляе, што гэта будзе першая ў свеце школа, сертыфікаваная па стандарце Fitwel — сістэме ацэнкі будынкаў і гарадскіх тэрыторый паводле іх уплыву на здароўе людзей. Сам востраў ужо атрымаў найвышэйшы трохзоркавы сертыфікат гэтай праграмы.
Камп'ютарная візуалізацыя. Фота: Aldar Development / CNN
Стваральнікі праекта лічаць, што здаровы лад жыцця залежыць не толькі ад наяўнасці спартзалы або спа-комплексу, але і ад таго, наколькі лёгка чалавеку зрабіць карысны выбар у штодзённым жыцці — прайсціся пешшу, сустрэцца з людзьмі або правесці час на свежым паветры.
Чытайце таксама:
У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах пратэсціруюць дроны для павелічэння ападкаў
Санаторый «Сосны» на беразе Нарачы мадэрнізуюць у сучасны велнес-цэнтр