БЕЛ Ł РУС

Белтэлерадыёкампанія пракаментавала інфармацыю пра спыненне трансляцый імшы на радыё

14.07.2026 / 11:46

Nashaniva.com

Белтэлерадыёкампанія выступіла з афіцыйнай заявай, у якой назвала інфармацыю пра спыненне трансляцый святой імшы на Беларускім радыё «сфабрыкаванай правакацыяй». Пры гэтым і вернікі, якія слухалі фізічны эфір, і расклад на сайце радыё тры тыдні запар фіксавалі адсутнасць набажэнстваў і замену іх на класічную музыку, піша Katolik.life. 

Паводле партала Katolik.life, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё тры тыдні запар не трансляваў а 8:15 нядзельную імшу з мінскага архікатэдральнага касцёла. Замест службы ў фізічным эфіры гучала класічная музыка.

Пры гэтым, на сайце радыё ў хвілінным раскладзе мінулых эфіраў замест праграмы «Каталіцкая пропаведзь» значылася «Тэматычная рубрыка».

У самім жа архікатэдральным касцёле пра спыненне эфіраў не чулі — святары працягвалі адпраўляць службу па секундамеры, каб укласціся ў радыётаймінг.

Дзяржаўнае радыё ў адказ абвінаваціла рэсурсы, якія напісалі пра праблему, у «распаўсюдзе заведама лжывай інфармацыі».

Паводле версіі БТ, трансляцыя нікуды не знікала, а крытыкі проста не слухалі радыё ў Беларусі і зрабілі памылковыя высновы паводле сайта. 

«Відавочна, што аўтары ўкіду не маюць рэальнай магчымасці слухаць радыёэфір на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым спасылаюцца ўсяго толькі на метаданыя з сайта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, дзе трансляцыя згадваецца як «тэматычная рубрыка», што з’яўляецца тэхнічным пазначэннем прамога эфіру», — піша прэс-служба Белрадыёккампаніі. 

Прадстаўнікі радыё настойваюць, што праграма «Каталіцкая пропаведзь» выходзіла і выходзіць а 8:15 без змен.

Яны назвалі інфармацыю пра спыненне трансляцый «наўмысна сфабрыкаванай правакацыяй, накіраванай на раскол грамадства праз ілжывыя абвінавачванні».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула