На Палессі будуць штучна павялічваць воднасць рэк
У Прыпяцкім Палессі плануецца рэканструкцыя гідратэхнічных збудаванняў, каб павялічыць колькасць вады ў рэках і палепшыць умовы для суднаходства, піша БелТА.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Як паведаміў прадстаўнік Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Руслан Мароз, праблема зніжэння ўзроўню вады ў рэках назіраецца ва ўсім свеце і закранула таксама Беларусь. Каб вырашыць гэтую праблему, беларускія рачныя службы супрацоўнічаюць з навуковымі арганізацыямі і спецыялістамі, якія дапамагаюць рэагаваць на змены ў прыродных умовах.
У дзяржаўную праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025—2030 гады ўключаныя мерапрыемствы па паляпшэнні суднаходства. Плануецца павялічыць глыбіню на рэках не менш чым да 2,5 метра на большай частцы навігацыйнага перыяду.
Для гэтага будуць пабудаваныя і рэканструяваныя гідратэхнічныя збудаванні, у тым ліку аб’екты на ўсходнім схіле Дняпроўска-Бугскага канала. Гэтыя работы павінны дапамагчы палепшыць водны рэжым ракі Прыпяць і стварыць лепшыя ўмовы для працы вялікіх суднаў, якім патрэбная большая глыбіня.
У Беларусі агульная працягласць унутраных водных шляхоў складае каля 2,1 тысячы кіламетраў. Яны знаходзяцца ў басейнах рэк Дняпро, Заходняя Дзвіна і Нёман. Часткай воднай сістэмы з’яўляецца таксама Дняпроўска-Бугскі канал, які злучае раку Мухавец з Прыпяццю.
Вопыт выкарыстання шлюзаў і плацін на асобных участках Прыпяці, Мухаўца, Піны і Дняпроўска-Бугскага канала паказаў, што такія збудаванні дапамагаюць стабілізаваць узровень вады і паляпшаюць магчымасці для перавозкі грузаў.